2013-01-10 12:52:45

Ватыканскі іерарх: сітуацыя хрысціян у Егіпце вельмі складаная


RealAudioMP3 Сітуацыя хрысціянскіх супольнасцяў у Егіпце вельмі складаная і ў гэты перыяд яны шмат пакутуюць, прызнаўся ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Леанарда Сандры. Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў знаходзіцца зараз з візітам у гэтай паўночна-афрыканскай краіне. Ён з заклапочанасцю адзначыў, што ў Егіпце ўсё часцей гучаць пагрозы ў адрас паслядоўнікаў Хрыста. Хоць трэба прызнаць, што такія адносіны да хрысціянскіх супольнасцяў існуюць не ва ўсёй краіне, шматлікія мусульмане падтрымліваюць сяброўскія адносіны з хрысціянамі і вельмі ахвотна кіруюць сваіх дзяцей вучыцца ў каталіцкія школы, ведаючы, што яны даюць добрую адукацыю. “Сітуацыя, з аднаго боку вельмі сумная з-за некаторых галасоў, скіраваных супраць хрысціян, але ў паўсядзённым жыцці апошнія – асабліва законніцы, святары і браты францішкане – маюць сапраўды братэрскія і сардэчныя адносіны са шматлікімі жыхарамі краіны, якія бачаць іх добрыя ўчынкі ў сферы адукацыі і аховы здароўя, а таксама ў развіцці чалавечага патэнцыялу”, - сказаў кардынал Сандры.

Іерарх выказаў надзею, што Каталіцкі Касцёл будзе працягваць сваю працу ў Егіпце. Ён пажадаў краіне аднавіць сваю сапраўдную ролю на Блізкім Усходзе і ў свеце, “ролю чалавечай, гістарычнай і культурнай велічы, характэрнай для краіны на працягу шматлікіх гадоў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.