2013-01-10 12:04:34

Біскупы ўражаны сілай і адвагай хрысціян Святой Зямлі


RealAudioMP3 10 студзеня закончыўся візіт дэлегацыі біскупаў з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў Святую Зямлю. За пяць дзён свайго падарожжа іерархі наведалі Бэтлеем, Іерусалім, некалькі гарадоў у Іараданіі. Яны сустрэліся з прадстаўнікамі хрысціянскіх супольнасцяў, а таксама бежанцамі – ахвярамі вайны ў Сірыі. У выніковым паведамленні біскупы адзначылі, што “іх вера была ўмацавана сілай і адвагай людзей, якіх яны сустрэлі”. “Мы атрымалі натхненне для будавання справядлівага міру і звяртаемся з заклікам да хрысціянскіх супольнасцяў у нашых родных краінах, а таксама да людзей добрай волі ва ўсім свеце, каб падтрымалі працу, што вядзецца ў рэгіёне дзеля пабудовы лепшай будучыні”, - напісалі іерархі. Яны падкрэслілі таксама, што былі пазітыўна ўражаны дзейнасцю тых, хто клапоціцца аб бежанцах з Сірыі і Ірака, хто змагаецца супраць пераследу і небяспекі ў розных дзяржавах Святой Зямлі. Асабліва станоўча біскупы ацанілі працу двух дабрачынных устаноў: “Catholic Relief Service” у Газе і аддзялення “Caritas” у Іарданіі.

Таксама члены дэлегацыі падкрэслілі, што “пакліканы прызнаць і перадаць іншым, як вера ў Бога нясе святло ў жыццё жыхароў Святой Зямлі”. “Адным з спосабаў, дзякуючы якому гэта рэалізуецца, з’яўляецца дзейнасць Касцёла ў сферы адукацыі – важная інвестыцыя ў будучыню”, - напісалі біскупы. Яны адзначылі, што вялікае ўражанне на іх зрабілі сведчанні студэнтаў Бэтлеемскага універсітэта, якіх яшчэ ў 2009 г. Папа заклікаў быць “будаўнікамі справядівага і мірнага грамадства, што складаецца з людзей розных веравызнанняў і народнасцяў”.

Члены біскупскай дэлегацыі заклікалі хрысціян здзяйсняць пілігрымкі ў Святую Зямлю, каб так, як яны, адчуць цяпло мясцовай гасціннасці. Яны паабяцалі прыкласці намаганні, каб пераканаць урады сваіх краін у неабходнасці спрыяць міру ў гэтым рэгіёне і паўтарылі нядаўні заклік Папы: “Іерусалім, стань тым, што азначае тваё імя! Горадам супакою, а не падзелаў!”.

Візіт дэлегацыі біскупаў з краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі праходзіў 5-10 студзеня 2013 г. і быў арганізаваны Каардынацыйным цэнтрам Біскупскіх Канферэнцый на карысць Касцёла ў Святой Зямлі і Асамблеяй каталіцкіх біскупаў гэтага рэгіёна.








All the contents on this site are copyrighted ©.