2013-01-09 12:22:11

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт Эўхарыстыі: ламанне хлеба (ІІ)


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць аб сакрамэнце Эўхарыстыі, дакладней аб жэстах, якія Езус Хрыстус учыніў падчас Апошняй вячэры. Св. Марк, на старонках Евангелля, апавядае, што Езус, “узяўшы хлеб, благаславіў, ламаў і даў ім кажучы”. У мінулых праграмах мы ўжо паразмаўлялі аб сімволіцы хлеба ў руках Хрыста і значэнні благаслаўлення, а таксама пачалі разважаць аб тым, што значыць для нашай веры жэст ламання хлеба.

Мы ўбачылі, што само па сабе паняцце “ламанне” мае вельмі важнае значэнне ў хрысціянстве. Яно заўсёды звязана з пераменай, адданнем самаго сябе ў рукі Бога, адкрытасцю на тое, каб Ён “паламаў” нашы планы, нашу логіку, нашу моц.

“Ламанне”, перш за ўсё, звязана з вызваленнем ад граху, грахоўных прывязанасцяў, адкрытасцю на Божую задуму адносна нас. Канешне такія перамены, асабліва калі мы прызвычаіліся жыць так, як нам хочацца, бываюць балючымі. Таму іх цалкам апраўдана можна назваць “ламаннем”.

Сам Езус Хрыстус, каб перамагчы грэх, павінен быў быць “паламаны”. Ён не памёр ад старасці ці хваробы. Смерць Езуса наступіла ў выніку гвалтоўнага дзеяння, якое цалкам можна параўнаць з “ламаннем”. У нашым жаданні наследаваць Валадарства Божае заўсёды будзе прысутнічаць гэты элемент – элемент “ламання” у адносінах да ўсяго таго, што тычыцца рэчаў гэтага свету. Ніхто не зможа выйсці з граху ці залежнасці паступова, думаючы, што сёння паграшу крышку, заўтра яшчэ меньш і гэтак далей. Шлях вызвалення ад граху іншы. Ён патрабуе адвагі, канчатковага рашэння парваць з мінулым зараз. На старонках Бібліі гэта паказана цудоўным чынам на прыкладзе выхаду выбранага народа з Егіпта ў Зямлю Абяцаную. Рабства не ператварылася ў свабоду лёгка. Трэба было прайсці праз пустыню пераменаў: боль, цяжкасці, адчай, адчуванне цемры і пусткі. Неабходна было выйсці з Егіпта, канчаткова адрэзаўшы Чырвоным морам адносіны з мінулым.

Усё гэта азначае быць “паламаным” – вельмі глыбока і шмат разоў, каб дасягнуць “зямлі абяцанай”. Езус Хрыстус не мог уваскрэснуць без “ламання” самаго сябе гвалтоўнай смерцю, без “ламання” працягласці свайго жыцця, без разрыву з мінулым і ўваходу ў пустэчу.

Паміж жыццём смяротным і бессмяротным існуе пустэча – удар, пакуты, траўма. Гэта логіка фундаментальна важная для нашага хрысціянскага жыцця. Яна настолькі ж важная і для нашай велічы і прыгажосці. Такая логіка дае нам магчымасць перайсці ад нашых спраў да спраў Бога. “Зламаныя” мы пачынаем уваскрасаць, пераўтварацца ў іншых людзей, пачынаем быць новым стварэннем. Справа Бога – гэта стварэнне з пустэчы, з нічога. Так, як паўстаў увесь свет. Такім чынам, заўсёды існуе патрэба ў тым, каб дазволіць Богу “зламаць” нашу старую форму, і пераўтварыць нас у новае стварэнне – пасілак для іншых, на падабенства Эўхарыстычнага хлеба.

Хрысціянін мае патрэбу ў тым, каб глыбока ўвайсці ў гэту логіку. Сёння часта падкрэсліваецца неабходнасць штодзённага навяртання – гэта значыць таго, каб быць штодзённа “зламанымі” – зламаць уласную логіку і пачаць карыстацца логікай Бога.

Звернем увагу на тое, што падчас Апошняй вячэры ламаў хлеб менавіта сам Езус Хрыстус. Ён не паклаў хлеб і не сказаў вучням, каб яны ламалі яго. Гэта сведчыць аб тым, што наша навяртанне – гэта дар і ўчынак Бога, а не наш уласны. Ад нас залежыць толькі тое, каб быць адкрытым на гэту дзейнасць Бога, дазволіць Яму “паламаць”, перамяніць нас. Езус, паламаў хлеб, каб ён стаў Эўхарыстыяй. Падобным чынам Збаўца “ламае” нашу рэальнасць, каб яна стала Ягонай.








All the contents on this site are copyrighted ©.