2013-01-09 11:13:13

У Езусе – сапраўднае аблічча чалавека


RealAudioMP3 Толькі ў Езусе ў поўні праяўляецца задума Бога адносна чалавека. У ім да канца рэалізуецца чалавецкасць згодна з воляй Бога, падкрэсліў Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да ўдзельнікаў агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 9 студзеня ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Святы Айцец падзяліўся з вернікамі некаторымі думкамі аб значэнні ўцелаўлення Пана, “адной з тых рэальнасцяў, да якім мы настолькі прызвычаіліся, што нас амаль не ўражвае веліч падзеі, якую яна выражае”. Папа вылучыў некалькі аспектаў таямніцы Уцелаўлення. Па-першае, Святы Айцец нагадаў, што Бог прыняў чалавечае цела, каб цалкам аздаравіць яго ад усяго, што перашкаджае лучнасці паміж чалавекам і Ім, “каб мы маглі па-сапраўднаму стаць Яго дзецьмі”. Іншы аспект, на які звярнуў увагу Пантыфік, тычыўся “прызвычаенасці” чалавека да таямніцы Уцелаўлення Бога. “Нарадзіўшыся ад Панны Марыі, Ён стаў па-сапраўднаму адным з нас, ва ўсім падобным да нас акрамя граху. Таму важна аднавіць захапленне гэтай таямніцай, дазволіць агарнуць сябе веліччу падзеі: Бог, як чалавек, прайшоў нашымі шляхамі, увайшоўшы ў час чалавека, каб пераказаць яму свой шлях. Ён зрабіў гэта без бляску валадара, які авалодвае светам з дапамогай сілы, але праз сціпласць дзіцяці”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што Божае Нараджэнне традыцыйна з’яўляецца часам, калі людзі робяць адно аднаму падарункі. Адначасова, паводле Святога Айца, ідэя дару адпавядае святочнай літургіі і самой таямніцы Уцелаўлення. “У гэту святую ноч Бог, стаўшы чалавекам, пажадаў стаць дарам для людзей, даў самаго сябе нам; прыняў нашу чалавецкасць, каб падараваць нам боскасць.
Гэта вялікі дар. Таксама ў нашым дарэнні, не важна наколькі каштоўным з’яўляецца падарунак; той, хто не здольны парадыць частку самаго сябе, заўсёды дорыць мала; больш за тое, часам людзі спрабуюць замяніць сэрца і самаахвярны клопат грашыма, матэрыяльнымі рэчамі. Таямніца Уцелаўлення паказвае нам, што Бог не рабіў так: не падарыў нам проста нешта, але даў самаго сябе ў сваім Адзінародным Сыне. Тут мы знаходзім прыклад дарэння, каб мы ў нашых адносінах, асабліва самых фундаментальных, кіраваліся бескарыснасцю і любоўю”, - падкрэсліў Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў таксама, што таямніца Уцелаўлення дэманструе нам “рэалізм Божай любові” – Бог дзейнічаў не словамі, але прыняў на сябе “складанасці і цяжар чалавечага жыцця”. Паводле Святога Айца, такая дзейнасць Бога з’яўляецца для нас моцным стымулам, каб спытацца аб рэалізме нашай веры – “яна не павінна быць абмежаванай сферай пачуццяў, эмоцый, але павінна ўвайсці ў рэальнасць існавання, павінна тычыцца нашага штодзённага жыцця і кіраваць ім практычным чынам”. “Вера мае фундаментальны аспект які тычыцца не толькі розуму і сэрца, але ўсяго нашага жыцця”, - сказаў Пантыфік.

Нарэшце, у апошняй частцы сваёй катэхезы Папа адзначыў, што з уцелаўленнем свайго Сына Бог адказаў на старажытнае пытанне: “Хто такі чалавек?”. Паводле Святога Айца, “толькі ў Езусе ў поўні праяўляецца задума Бога адносна чалавека. “У гэтым дзіцятку, Сыне Божым, якога сузіраем падчас святаў Божага Нараджэння, мы можам распазнасць сапраўднае аблічча чалавека; і толькі шляхам адкрыцця дзейнасці Яго ласкі, спрабуючы кожны дзень ісці за Ім, мы рэалізуем задуму Бога аб нам саміх”, - падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.