2013-01-08 14:27:55

Кардынал П’ячэнца, магчыма, напіша ліст да бацькаў святароў


RealAudioMP3 Пра ўнікальную ролю маці ў нараджэнні святарскага і манаскага паклікання распавёў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Маўра П’ячэнца, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства. Іерарх спаслаўся на свой нядаўні ліст да маці святароў і семінарыстаў і адзначыў, што такім чынам жадаў падзякаваць тым, хто прыняў “дар духоўнага мацярынства адносна пакліканых да святарскага служэння, ахвяруючы сваё жыццё, малітвы, цярпенні і цяжкасці, а таксама радасці”. Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі звярнуў увагу на тое, што роля маці ў пакліканні да святарскага жыцця з’яўляецца “унікальнай і адмысловай”. “Кожную маці павінна радаваць тое, што жыццё яе сына не толькі рэалізуецца, але і будзе надзелена спецыяльным Божым абраннем, якое ахопіць і ператворыць яго на ўсю вечнасць”, - сказаў кардынал П’ячэнца. Ён нагадаў, што св. Моніка, маці св. Аўгустына, з’яўляецца пунктам адліку для ўсіх маці святароў.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства прызнаўся таксама, што ў будучыні не выключае напісанне ліста да бацькаў святароў. “Безумоўна, разважанне аб выхаваўчай ролі бацькі ў перадачы веры сваім дзецям, што, магчыма, паспрыяе пакліканням, можа стаць карысным”, - сказаў кардынал П’ячэнца. Як прыклад ён прывёў бацьку бл. Яна Паўла ІІ, які паспрыяў нараджэнню і развіццю паклікання сына. “Папа гаварыў, што для яго першай семінарыяй было бачыць вечарам свайго бацьку, які маліўся на ружанцы, стоячы на каленях перад ложкам”, - узгадаў ватыканскі кардынал. “І гэта прымушае нас падумаць аб многіх рэчах, якія спалучаны з роляй бацькі”, - дадаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.