2013-01-08 12:00:28

Бэнэдыкт XVI звярнуўся з пасланнем на Сусветны дзень хворага


RealAudioMP3 11 лютага 2013 г. ва ўспамін Маці Божай з Лурду будзе адзначацца 21-ы Сусветны дзень хворага. Цэнтрам сёлетніх святкаванняў стане марыйны санктуарый у нямецкім Альтоцінг. 8 студзеня было апублікавана пасланне Святога Айца на гэты адмысловы Дзень. На думку Бэнэдыкта XVI, для усіх: хворых, работнікаў сферы аховы здароўя, вернікаў, людзей добрай волі, ён з’яўляецца прывілеяваным часам малітвы, служэння і ахвяры на карысць Касцёла, і “заклікам заўважыць у абліччы хворага брата Найсвяцейшае Аблічча Хрыста, Які праз цярпенне, смерць і ўваскрасенне збавіў чалавецтва”. У сваім пасланні Пантыфік прызнаўся, што лічыць асабліва блізкімі сабе хворых людзей, перажываючых цяжкі час хваробы і цярпення. Святы Айцец звярнуўся да евангельскай прыпавесці пра Міласэрнага Самараніна, “у якой Езус дапамагае нам зразумець глыбокую любоў Бога да кожнага чалавека, асабліва да таго, хто пакутуе ад хваробы або болю”. Папа нагадаў, што ў заключэнне прыпавесці гучыць заклік Езуса: “Ідзіце і рабіце тое ж” (Лк 10, 37). Збаўца дакладна вызначыў адносіны, якія кожны з Яго вучняў павінен мець да іншых, асабліва тых, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Гэтага не ўдасца зрабіць без “інтэнсіўных адносін” з Езусам у малітве, заўважыў Бэнэдыкт XVI. І гэта актуальна не толькі для душпастыраў або медыцынскіх работнікаў, але і ўсіх, нават саміх хворых, якія могуць перажываць свой стан з пункту гледжання веры, не абыходзячы або ўцякаючы ад цярпенняў, але прымаючы іх. Святы Айцец звярнуўся да навучання Айцоў Касцёла, якія падкрэслівалі, што менавіта грэх Адама стаў прычынай “параненасці і дэзарыентаванасці” чалавецтва.

На думку Папы, менавіта Год веры, які зараз праходзіць у Касцёле, з’яўляецца добрай нагодай для актывізацыі міласэрнасці ў касцёльных супольнасцях. “Кожны з нас можа быць міласэрным самаранінам для іншых, для тых, хто побач з намі”, - напісаў ён. Пантыфік узгадаў шматікіх асоб у гісторыі Касцёла, “якія дапамагалі хворым шанаваць чалавечую і духоўную каштоўнасць іх цярпення”. Так, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус перажывала глыбокую еднасць з мукамі Езуса падчас хваробы, якая прывяла яе “да смерці праз вялікія пакуты”. Папа нагадаў пра Луіджы Наварэзэ, які “зразумеў асаблівую важнасць малітвы за хворых і з хворымі”, Рауля Фалеро, які “прысвяціў сваё жыццё клопату пра людзей пакутуючых ад хваробы Хансэна” і стаў ініцыятарам абвяшчэння Сусветнага дня барацьбы з лепрай. У шэрагу з імі стаіць таксама бл. Маці Тэрэза з Калькуты, якая выйшла на вуліцы, з ружанцам у руках, каб знаходзіць і служыць Пану ў хворых, асабліва ў “непажаданых, нялюбых, пакінутых”. Найвялікшым прыкладам для тых, хто жадае служыць хворым, з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя, якая нават на Галгофе “не губляе надзеі на перамогу Бога над злом, болем і смерцю”.

У сваім Пасланні Святы Айцец падзякаваў і выказаў падтрымку каталіцкім і грамадскім установам аховы здароўя, дыяцэзіям і супольнасцям, занятым у душпастырстве хворых. Бэнэдыкт XVI нагадаў, што апека над жыццём, асабліва звязаным з цярпеннем і хваробай, з’яўляецца адным з асноватворных аспектаў місіі Касцёла. Пантыфік даверыў 21-ы Сусветны дзень хворага заступніцтву Маці Божай Ласкавай з Альтоцінг і звярнуўся да Яе з просьбай “дапамагчы ўсім, хто ўдзельнічае ў апостальстве міласэрнасці, стаць добрымі самаранамі для братоў і сясцёр, перажываючых выпрабаванне хваробай і цярпеннем”.







All the contents on this site are copyrighted ©.