2013-01-07 12:15:49

Папа скіраваў відэазварот да камбаджыйцаў


RealAudioMP3 Святы Айцец скіраваў відэапасланне ўдзельнікам кангрэсу ў Камбоджы, прысвечанага ІІ Ватыканскаму Сабору. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў выключнасць падзеі і прыняў “з задавальненнем” ініцыятыву правядзення форуму, на якім будуць прадстаўлены першыя ў гісторыі пераклады на камбаджыйскую мову саборных дакументаў і Катэхізісу Каталіцкага Касцёла, што “дазволіць лепш зразумець вучэнне Касцёла”. У Год веры Святы Айцец прапанаваў камбаджыйцам звярнуцца да асобы Езуса Хрыста, “Які ёсць пачатак і канец нашай веры”. Папа ўзгадаў прыклад веры і мужнасці камбаджыйскага народу падчас пераследаў, што, на яго думку, “стала бясцэннай духоўнай сілай для аднаўлення касцёльнай супольнасці” у краіне.

“Будзьце вернымі малітвам вашых братоў і сясцёр, чыя кроў пралівалася на рысавых палях! Будзьце закваскай у цесце вашага грамадства даючы сведчанне любові Хрыста да ўсіх, будуючы повязі братэрства з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый, і ідучы па шляху справядлівасці і міласэрнасці”, - звярнуўся з заклікам Бэнэдыкт XVI. “Дарагія маладыя людзі, мае сябры, якія былі ахрышчаны ў гэтыя апошнія гады, не забывайцеся, што Касцёл – гэта ваша сям’я, яна разлічвае на вас як на сведкаў жыцця і любові, якія вы знайшлі ў Езусе”, - дадаў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў камбаджыйскіх семінарыстаў, святароў і кансэкраваных асоб прысвячаць жыццё і малітвы служэнню Касцёлу. Менавіта гэта, на думку Папы, стане запрашэннем для іншых маладых людзей аддаць сваё жыццё для служэння Богу ў святарстве і манаскім жыцці.

Бэнэдыкт XVI запрасіў місіянераў, якія працуюць у Камбоджы, заставацца “знакам касцёльных адносін”. “Усіх тых, хто шукае Бога”, Святы Айцец заклікаў не губляць упэўненасці ў тым, што Хрыстус любіць кожнага і прапануе кожнаму свой спакой. Папа запэўніў камбаджыйцаў у сваёй малітве і скіраваў да іх апостальскае благаслаўленне.







All the contents on this site are copyrighted ©.