2013-01-07 12:49:44

Бэнэдыкт XVI вызначыў праблемы сучаснай дыпламатыі


RealAudioMP3 7 студзеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы. Такія сустрэчы адбываюцца штогод пасля святаў Божага Нараджэння і Новага году. Лейтматывам сёлетняга паслання стаў заклік да спрыяння міру на планеце. Пантыфік закрануў вялікі спектр актуальных тэм, якія турбуюць Апостальскую Сталіцу і яго асабіста. Ён нагадаў між іншым пра пакуты людзей у гарачых кропках, пагарду да фундаментальных чалавечых правоў і іх няправільнае разуменне, неабходнасць інвестававання ў адукацыю, асабліва народаў бедных краін. Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на неабходнасць спрыяння прымірэнню ў Сірыі і аказання гуманітарнай дапамогі сірыйскаму народу, які на працягу доўгага часу пакутуе ад узброенага канфлікту. Таксама Святы Айцец нагадаў аб неабходнасці дапамогі ў вырашэнні араба-ізраільскага канфлікту. “У сувязі з прызнаннем Палестыны краінай-назіральніцай ААН я аднаўляю мой заклік, каб з дапамогай міжнароднай супольнасці, ізраіліцяне і палестынцы дзейнічалі на карысць мірнага суіснавання ў кантэксце двух суверэнных краін, у якіх павага да справядлівасці і законных жаданняў абодвух народаў будуць абаронены і гарантаваны. Іерусалім, стань тым, што азначае тваё імя! Горадам супакою, а не падзелаў; прароцтвам аб Валадарстве Божым, а не пасланнем нестабільнасці і супрацьстаяння!”, - заклікаў Святы Айцец. Ён выразіў таксама сваю заклапочанасць сітуацыяй у Іраку, Паўночнай і Цэнтральнай Афрыцы.

Іншай тэмай, на якую звярнуў увагу Пантыфік, стала неабходнасць абароны фундаментальных правоў чалавека, у першую чаргу права на жыццё на ўсіх яго этапах. Папа пазітыўна адазваўся аб прынятай у студзені 2012 г. рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы аб забароне эўтаназіі, якая была акрэслена як “свядомае забойства, дзеяннем ці бяздзейнасцю чалавека ў стане залежнасці”. Адначасова Пантыфік з жалем адзначыў, што на працягу мінулага года ў некаторых краінах з моцнымі хрысціянскімі каранямі, былі легалізаваны аборты.

“Аборт, які разглядаецца ў якасці мэты ці сродка, цяжка супярэчыць маральнаму праву”, - сказаў Папа. Гаворачы аб распаўсюджаным павярхоўным разуменні правоў чалавека, Бэнэдыкт XVI адзначыў, што іх “не рэдка блытаюць з раздражнёнай маніфестацыяй аўтаноміі чалавека, які становіцца самадастатковым, больш не адкрытым на Бога і іншых, але засяроджаным на сабе самім у спробе задаволіць уласныя патрэбы”.

Акрамя спрыяння міру праз абарону правоў чалавека, на думку Святога Айца, важна спрыяць адукацыі і выхаванню людзей. Паводле яго, недахоп выхавання прывёў да эканамічна-фінасавага крызісу. “Ён развіўся таму што часта празмерна абсалютызаваўся прыбытак, замест працы”, - сказаў Бэнэдыкт XVI і дадаў, што “неабходна вучыць супрацьстаяць спакусам асабістых кароткачасовых выгод, каб арыентавацца перш за ўсё на супольнае дабро”. “Акрамя таго, важна выхоўваць лідэраў, якія ў будучыні ўзначаляць нацыянальныя і міжнародныя публічныя ўстановы”, - адзначыў Папа. “Ясна, што для справядлівасці не дастаткова толькі добрых эканамічных мадэляў, хоць яны і з’яўляюцца неабходнымі. Справядлівасць рэалізуецца толькі калі ёсць справядлівыя людзі! Будаваць мір, азначае перш за ўсё вучыць людзей змагацца з карупцыяй, злачыннасцю, вытворчасцю і гандлем наркотыкамі, знішчаць падзелы і напружанасць, якія нараджаюць рызыку раскалыхаць грамадства, пагражаюць развіццю і мірнаму суіснаванню”, - адзначыў Папа.

Яшчэ адной пагрозай міру Святы Айцец лічыць маргіналізацыю рэлігіі ў грамадскім жыцці і нападкі на рэлігійную свабоду. Папа заклікаў дыпламатаў спрыяць прымірэнню паміж народамі праз дыялог і прывёў прыклад пагаднення паміж польскім каталіцкім епіскапатам і Маскоўскім Патрыярхатам.

Акрамя таго, Бэнэдыкт XVI нагадаў, што дыпламатыя Апостальскай Сталіцы грунтуецца на любові, якая рэалізуецца ў розных канкрэтных сферах дзейнасці Касцёла на планеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.