2013-01-06 11:13:04

Бэнэдыкт XVI: евангельскія мудрацы – прыклад для біскупаў


RealAudioMP3 Аб’яўленне Пана – гэта выраз “дабрыні Бога і Яго любові да людзей”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI падчас св. Імшы 6 студзеня ў базыліцы св. Пятра. Падчас літургіі Святы Айцец удзяліў біскупскую сакру чатыром намінантам: кс. прэлату Георгу Генсвайну, свайму асабістаму сакратару і прэфекту Папскага дома, кс. прэлату Вінчэнца Дзані, сакратару Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і двум Апостальскім нунцыям: Фартунатасу Нвачукву і Ніколасу Тэвеніну. У сваёй гаміліі Пантыфік заклікаў новых арцыбіскупаў наследаваць прыклад евангельскіх мудрацоў, якія вырушылі ў падарожжа ў “пошуку больш вялікай рэальнасці”. “Магчыма яны былі сталымі людзьмі, якія мелі вялікія веды аб зорках і магчыма таксама валодалі філасофскай адукацыяй. Але яны не хацелі ведаць шмат рэчаў. Хацелі ведаць перш за ўсё самае важнае. Хацелі ведаць, як можна быць чалавекам. І таму хацелі пазнаць, ці існуе Бог, дзе і які Ён”, - сказаў Папа.

Паводле Бэнэдыкта XVI таксама і біскупы павінны быць “людзьмі, чый інтэрэс скіраваны да Бога, бо толькі тады яны будуць па-сапраўднаму цікавіцца людзьмі”. “Біскуп павінен быць чалавекам, які клапоціцца пра людзей, якога кранулі іх праблемы. Павінен быць чалавекам для людзей. Але ён можа быць па-сапраўднаму такім, толькі тады, калі з’яўляецца захопленым Богам - калі для яго, туга па Богу стала тугой па Яго стварэнні, чалавеку. Як мудрацы з Усходу, таксама і біскуп не павінен быць тым, хто проста выконвае свае абавязкі і не хоча нічога іншага.”, - адзначыў Пантыфік.

У гэтым кантэксце Бэнэдыкт XVI адзначыў, што для біскупа фундаментальнай з’яўляецца малітва. “Біскуп, як пілігрым Божы, павінен быць перш за ўсё чалавекам які моліцца. Павінен жыць у пастаянным унутраным кантакце з Богам”, - сказаў Папа. Таксама Святы Айцец падкрэсліў важнасць для біскупаў адвагі і веры – рысаў, якія дазволілі евангельскім мудрацам зразумець знак ззяючай зоркі і вырушыць у невядомае падарожжа. “Мудрацы, ішлі за зоркай, і так дасягнулі Хрыста, у вялікім святле, якое асвяціла кожнага чалавека, што прыходзіць на гэты свет. Як пілігрымы веры, мудрацы сталі самі зоркамі, што ззяюць на небе гісторыі і ўказваюць шлях”, - сказаў Папа. Паводле яго, таксама і біскупы, клі будуць жыць з Хрыстом, стануць “зоркамі, якія ідуць перад людзьмі і ўказваюць ім правільны шлях”.








All the contents on this site are copyrighted ©.