2013-01-03 13:57:22

Ватыканскі іерарх аб ролі католікаў у палітыцы


RealAudioMP3 Вялікае інтэрв’ю аб важнасці ўклада хрысціян у палітыку даў італьянскаму выданню “La Stampa”старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела. На думку іерарха іх роля заключаецца ў тым, каб быць актыўнымі, адкрытымі на дыялог і служыць супольнаму дабру, а не прыватным інтэрэсам. Таксама арцыбіскуп Фізікела падкрэсліў важнасць дзейснай абароны сям’і і чалавечага жыцця на ўсіх яго стадыях. “Я жадаю, кам ніколі не памяншалася іх роля і палітыкі дзейнічалі як хрысціяне ў любых партыях”, - сказаў іерарх.

Паводле старшыні папскай дэкастэрыі, палітыкі-хрысціяне павінны быць у авангардзе этычнага аздараўлення сучаснай Італіі. “Фундаментальным з’яўляецца прыняцце такога стылю жыцця, які дазволіць убачыць у іх веруючых людзей. Стылю жыцця, які не будзе навязвацца іншым, але будзе прапанаваны як выраз салідарнасці і павагі да чалавечай годнасці”, - сказаў арцыбіскуп Фізікела.

Паводле яго з няздольнасцю палітычных класаў да аднаўлення пачынаецца “антыпалітыка”, “якая не вядзе нікуды і нават прымушае закрыцца ў індывідуалізме без адказнасці”.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што католікі, якія ўзельнічаюць у палітычным жыцці маюць таксама грамадскую адказнасць: “быццё веруючымі прадугледжвае ўзорнасць стылю і зместу”. “Палітыка павінна натхняцца надзеяй на паляпшэнне для таго, каб быць найвышэйшай формай любові. Роля палітыкаў-католікаў заключаецца ў тым, каб пазітыўна ўзаемадзейнічаць з тымі, хто не верыць: вера і розум узаемадапаўняльныя”, - сказаў арцыбіскуп Фізікела.








All the contents on this site are copyrighted ©.