2013-01-03 15:38:38

Безабаронная магутнасць Дзіцяці выйграе з крыклівымі моцамі гэтага свету


RealAudioMP3 Святы Айцец працягнуў шэраг сваіх разважанняў пра веру. Катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 19 снежня ён прысвяціў веры Марыі, і зрабіў гэта ў кантэксце “вялікай таямніцы Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы”. Папа засяродзіўся на значэнні грэчаскага слова “chaire”, прамоўленага Арханёлам да Божай Маці. “На першы погляд, - заўважыў Пантыфік - тэрмін “Chaire”, “радуйся”, выглядае як звычайнае прывітанне, якое выкарыстоўвалася ў грэчаскім асяроддзі, але гэта слова, калі яго чытаць на фоне біблійнай традыцыі, убірае ў сябе значна больш глыбокі сэнс. Гэты тэрмін прысутнічае чатыры разы ў грэчаскай версіі Старога Запавету і заўсёды, як абвяшчэнне радасці з нагоды прыходу Месіі. Прывітанне анёла ў адрас Марыя з’яўляецца запрашэннем да радасці, глыбокай радасці, абвяшчае пра канец смутку ў свеце перад абмежаваннямі жыцця, цярпеннямі, смерцю, тым, што дрэнна, цемрай зла якая, здаецца, паглынае святло Боскай дабрыні. Гэта прывітанне ўяўляе сабой пачатак Евангелля, Добрай Навіны”, - звярнуў увагу Папа.

Але, у такім выпадку, чаму Марыі прапануецца радавацца? – задаўся пытаннем Святы Айцец. Адказ на яго, па словах Бэнэдыкта XVI, у другой частцы прывітання: “Пан з табой”. Марыя атаясамліваецца з народам, заручаным з Богам, яна сапраўды, дачка Сыёна, у ёй ажыццяўляюцца чаканні канчатковага прышэсця Бога, нагадаў Святы Айцец. У прывітанні анёла, Марыя называецца “поўнай ласкі”, а ў грэчаскай мове слова “ласка”, “сharis”, мае тыя ж моўныя карані што і “радасць”, заўважыў Пантыфік. Ён дадаў, што “радасць паходзіць з ласкі, якая зыходзіць ад зносін з Богам, з жыццядайнай сувязі з Ім, ад знаходжання ў Святым Духу, поўнага растварэння ў справе Бога”. Паводле Святога Айца, Марыя жыве выключна з адносін і ў адносінах з Богам.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў яшчэ адзін важны момант: “адкрыццё душы на Бога і яго дзеянне ў веры таксама ўключае ў сябе элемент цемры”. Папа адзначыў, што гэта адбываецца такім чынам, бо “адносіны паміж чалавекам і Богам не сціраюць адлегласці паміж Створцам і стварэннем, не выключаюць таго, што апостал Павел назваў глыбінёй мудрасці Божай”. Але менавіта Марыя дае нам прыклад, як трэба прымаць Божую волю, нават калі яна таямнічая, часта не адпавядаючая нашай волі і пранікаючая душу, як меч, падкрэсліў Святы Айцец.

“Гэта нічым не адрозніваецца ад падарожжа веры кожнага з нас: на якім мы сутыкаемся з момантамі святла, але таксама аказваемся ў месцах, дзе Бог, здаецца, адсутнічае, Яго маўчанне цісне на нашыя сэрцы, а Яго воля не супадае з нашай, чаго вельмі хацелася б. Але чым больш мы адкрываем сябе для Бога, прымаем дар веры, цалкам пакладаем у Ім надзею – як Абрагам і як Марыя – тым больш Ён мае магчымасці праз сваю прысутнасць, дапамагчы нам жыць у любой сітуацыі ў супакоі і ўпэўненасці, у Яго адданасці і любові. Але гэта патрабуе адмовы ад сябе і сваіх праектаў, бо Слова Божае – гэта светач, які накіроўвае нашы думкі і нашы дзеянні”, - адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI засяродзіўся на яшчэ адным аспекце, звязаным ужо з дзяцінствам Езуса, “калі Марыя і Юзэф прынесці Яго ў Ерузалем, у храм, каб прадставіць Пану”. “Гэты жэст Святой Сям’і з Назарэту набывае больш глыбокі сэнс, - лічыць Папа - калі чытаецца ў святле евангельскіх ведаў пра дванаццацігадовага Езуса, якога пасля трох дзён пошукаў, знаходзяць у храме, размаўляючым з настаўнікамі”. Ён уражвае сваімі словамі: “Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?”. І тут “Марыя зноў павінна аднавіць глыбокую веру, з якой яна сказала “так” падчас Звеставання, павінна прызнаць, што Езус мае сапраўднага Айца, павінна быць у стане вызваліць Сына, які быў народжаны для сваёй місіі”, - адзначыў Пантыфік. “І “так” Марыі адносна волі Божай, паслухмянасць веры, паўтараецца на працягу ўсяго яе жыцця, да самага цяжкага моманту, Крыжа”, - дадаў Бэнэдыкт XVI.

Паводле Папы, менавіта глыбокі і асабісты дыялог са Словам Божым дапамог Марыі захаваць сваю веру ў самых складаных абставінах. У сваім сэрцы яна “захоўвала ўсе падзеі, якія адбываліся; змяшчала ў ім кожны элемент, кожнае слова, кожны факт”, а затым аналізавала, прызнаючы, што ўсё зыходзіць ад волі Божай, заўважыў Папа. Марыя “глядзела ў глыбіню”, “пераасэнсоўвала” падзеі, і такім чынам атрымала разуменне, якое можа гарантаваць толькі вера, дадаў ён.

Бэнэдыкт XVI запрасіў усіх, асабліва напярэдадні Божага Нараджэння, “жыць такой жа пакорай і паслухмянасцю веры”. Ён нагадаў, што Божая хвала не яснее “у знакамітым горадзе, у раскошным палацы, але знаходзіцца ва ўлонні Панны, выяўляецца ў беднасці Дзіцяці”. “Божая ўсемагутнасць, у тым ліку і ў нашым жыцці, дзейнічае праз моц, часта маўклівую, праз праўду і любоў”, - падкрэсліў Папа. “Вера кажа нам, што безабаронная магутнасць Дзіцяці ў канчатковым выніку выйграе з крыклівымі моцамі гэтага свету”, - заключыў ён.







All the contents on this site are copyrighted ©.