2013-01-02 14:14:25

Вера вядзе нас да другога нараджэння


RealAudioMP3 Сваю першую ў гэтым годзе катэхезу Бэнэдыкт XVI прысвяціў паходжанню Езуса і праўдам веры, якія адкрыліся праз таямніцу Уцелаўлення. Акрамя таго, Папа заклікаў удзельнікаў агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 2 студзеня ў Ватыкане, цалкам давяраць Богу, нават у “самых цяжкіх выпрабаваннях” і “калі адчуваем сябе слабымі”. “Бог заўсёды чыніць і здзейсняе цуды менавіта ў слабасці”, - сказаў Святы Айцец. Разважаючы пра таямніцу Нараджэння Хрыста ў беднай пячоры ў Бэтлееме Бэнэдыкт XVI спытаўся – як магчыма, каб гэта маленькае і слабое дзіця, магло прынесці такую радыкальную навіну свету, каб змяніць рух гісторыі? “Ці няма цагосці таямнічага ў яго паходжанні, што сягае па за сцены той пячоры?”, - спытаў Святы Айцец. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што пытанне аб паходжанні Хрыста цікавіла многіх і на старонках Евангелля яно задавалася не аднойчы. Езус, у сваю чаргу, ведаючы аб цікаваці людзей, даў ім пэўны накірунак, у якім варта шукаць адказ на пытанне аб Яго паходжанні. “Не сам ад сябе Я прыйшоў, але праўдзівы той, хто паслаў Мяне, якога вы не ведаеце”, - казаў Хрыстус. “Канешне, Езус паходзіў з Назарэта, нарадзіўся ў Бэтлееме, але што вядома аб яго сапраўдным паходжанні”, - зноў спытаўся Бэнэдыкт XVI.

Паводле яго, адказ на гэта пытанне ёсць на старонках Евангелляў. Паходжанне Хрыста – гэта Яго Айцец. Ён цалкам паходзіць ад Яго, але іншым спосабам, у адрозненне ад розных прарокаў ці Божых пасланнікаў, якія Яму папярэднічалі. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што аб паходжанні з таямніцы Бога, “якога ніхто не ведае”, вядома з словаў арханёла Габрыэля сказаных Марыі: “Дух Святы сыйдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым”.

Папа адзначыў, што гэтыя словы вернікі паўтараюць у Вызнанні веры, калі кажуць пахіляючы галаву: “і ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі”.

“Калі слухаем Месы напісаныя майстрамі сакральнай музыкі, напрыклад Вялікую Месу Моцарта, адразу заўважаем, як яны засяроджваліся на гэтым выразе, амаль спрабуючы выразіць паўсюднай мовай музыкі, тое, што словы не могуць паказаць: вялікую таямніцу Бога, які ўцелаўляецца, становіцца чалавекам”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкта XVI таксама падкрэсліў важнае значэнне Панны Марыі ў здзяйсненні таямніцы Уцелаўлення. “Марыя неад’емным чынам прыналежа нашай веры ў Бога, які дзейнічае, уваходзіць у гісторыю. Яна робіць адкрытай сябе, “згаджаецца” стаць месцам жылля для Бога”, - сказаў Папа.

“Часам, на шляху і ў жыцці верай мы можам перажываць досвед нашай беднасці, нашай неадпаведнасці перад абліччам таго сведчання, якое павінны даць свету. Але Бог выбраў менавіта сціплую жанчыну, у нявядомым мястэчку, у адной з самых далёкіх правінцый вялікай Рымскай Імперыі. Заўсёды, нават перад самымі складанымі цяжкасцямі, мы павінны мець давер да Бога, абнаўляючы веру ў яго прысутнасць і дзейнасць у гісторыі, як гэта рабіла Марыя”, - адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI таксама звярнуў увагу на тое, што праз нараджэнне Езуса Бог пажадаў даць пачатак новаму стварэнню. “Гэта нам дазваляе паразважаць аб тым, як вера вядзе таксама і нас да такой моцнай навіны, якая здзейсняе наша другое нараджэнне”, - падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.