2012-12-31 10:50:54

Рым: чуванне сем’яў каля ясляў на плошчы св. Пятра


RealAudioMP3 У навагоднюю ноч, перад яслямі на плошчы св. Пятра, адбудзецца малітоўнае чуванне ў інтэнцыі супакою ў сем’ях і паміж народамі. Арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца “Рух сямейнай любові”. Яго заснавальнік, кс. Стэфано Тардані, у інтэрв’ю нашаму радыё падкрэсліў, што такое чуванне пройдзе ўжо ў дзесяты раз. 30 снежня ў Касцёле адзначалася свята Святой Сям’і, а праз дзень будзе адзначацца Сусветны дзень міру. Таму святар падкрэсліў важнасць сувязі, якая існуе паміж сем’ямі і мірам у свеце. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на прыклад Святой Сям’і, які актуальны, як для маленькіх сем’яў, так і вялікай сям’і народаў, аб’яднанай у хвале Бога. “Сям’я, гэта справа Бога і сам Бог стаў чалавекам, аб’явіўшыся свету праз сям’ю”, - адзначыў кс. Тардані.

“Святая Сям’я з Назарэта вучыць нас вялікай ролі свецкіх, якія працуюць і супрацоўнічаюць з Езусам, каб пабудаваць Яго Валадарства міра і праўды, любові і міласэрнасці. Каб пабудаваць яго ў нашым складаным грамадстве па-сапраўднаму неабходны дар веры і вялікай любові. Прымаючы чалавечую любоў і чалавечае жыццё ў дзецях, Святая Сям’я вучыць нас прымаць Дзіцятка Езуса, гэта значыць таямніцу Бога, які стаў чалавекам для нас і сярод нас”, - сказаў кс. Тардані.

Святар звярнуў увагу на тое, што прысутнасць і воля Бога вучаць бачыць Яго самаго ў сужэнскім і сямейным жыцці, у дзецях, ад самага іх зачацця, вучыць прымаць бедных і хворых. “Сёння, я сказаў бы, што сама сям’я патрабуе клопату: унутры, з прычыны зла, якое яе паражае, і звонку, з прычыны адсутнасці жылля, працы, эканомікі ці палітыкі, якая ёй не дапамагае. “Бог нас кліча будаваць прыгожыя, здаровыя і святыя сем’і; кліча народ жыцця і сем’і сабрацца вакол Яго”, - адзначыў кс. Тардані. Паводле яго, менавіта таму, вернікі будуць чуваць каля ясляў на плошчы св. Пятра ў навагоднюю ноч.








All the contents on this site are copyrighted ©.