2012-12-29 14:21:52

Другі дзень “Taize” ў Рыме – сустрэча з Папам


RealAudioMP3 “Пілігрымка надзеі па зямлі” сёння праходзіць праз базыліку і плошчу св. Пятра. Тут а 18.00 Бэнэдыкт ХVІ сустракаецца з дзясяткамі тысяч юнакоў і дзяўчат з цэлага свету – католікамі, праваслаўнымі і пратэстантамі. Еўрапейская сустрэча “Taizè” пашырылася – вялікае прадстаўніцтва таксама з Лівана, ЗША, Карэі, Аўстраліі, Аргентыны,Чылі, Індыі, Інданэзіі, Паўднёвай Афрыкі.
Самая вялікая дэлегацыя, натуральна, з самой Італіі – 13 тысяч. Але й польскія юнакі і дзяўчаты мала адстаюць – іх прыбыло 12 тысяч. Украінскія хрысціяне даслалі 3.500 маладых вернікаў, а наша беларуская дэлегацыя амаль такая ж, як і французская, нямецкая і харвацкая – па 2.000 чалавек. Усе яны, размешчаныя па сем’ях, з раніцы сустракаюцца ў адпаведных парафіях, а пасля абеду сівы Рым, яго гістарычны цэнтр маладзее: удзельнікі сустрэчы з Тэзэ моляцца ў галоўных базыліках горада і катакомбах першахрысціян-мучанікаў за веру.
Па прыбыцці, у пятніцу дэлегацыі сабраліся на малітву ў базыліцы св. Яна на Латэране. Прыёр “Taizè” брат Алоіз звярнуўся да ўдзельнікаў першай медытацыі са словамі: “Што мы перажываем у гэтыя дні? У Рыме адкрываем сляды працягу веры ад апосталаў да людзей нашых дзён”. Акрамя таго, “нягледзячы на паходжанне з розных народаў і хрысціянскіх канфесій, мы тут паглыбляем нашу салідарнасць у гістарычны момант, калі матэрыяльныя цяжкасці прымушаюць нас не да страху, але да вызнавання ўласнай ідэнтычнасці”, сказаў брат Алоіз. Ён назваў сустрэчу дарогай да саміх сабе, унутранай пілігрымкай, якая дае кожнаму магчымасць адкрыць крыніцы даверу да Бога.
Адказны за пастырства для моладзі рымскай архідыяцэзіі кс.Маўрыцыё Мірыллі расказаў СМІ, што быў асабліва ўраджаны засяроджанасцю і, паміж спевамі, непарушнай цішынёй падчас медытацыі ў вялізнай базыліцы св. Яна на Латэране, “маці ўсіх рымскіх касцёлаў.” Ён адзначыў,што быў ураджаны моццу іх сведчання веры “з высока паднятай галавой”.
“Бачыць іх, згуртаваных вакол крыжа Панскага, уз’яднанымі для таго, каб засведчыць сваю веру, але таксама выявіць сабе перакананымі абаронцамі міра, братэрства і салідарнасці” – дае сілу ўсім рымскім католікам,адзначыў кс. Міріллі .








All the contents on this site are copyrighted ©.