2012-12-28 10:03:47

Пілігрымы прыбываюць у Рым для ўдзелу ў сустрэчы “Taize”


RealAudioMP3 Каля 40 тыс. чалавек прыбылі ў Рым, каб прыняць удзел у XXXV Еўрапейскай сустрэчы моладзі арганізаванай супольнасцю “Taize”. Форум працягнецца да 2 студзеня. У яго праграме: малітоўныя сустрэчы разважанні, сумеснае пражыванне ў парафіях ці ў сем’ях, дзе пілігрымы будуць прыняты. 29 снежня, для ўдзельнікаў мерапрыемства адбудзецца вельмі важная падзея – сустрэча са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI. Прыёр супольнасці “Taize”, брат Алоіз расказаў у інтэрв’ю нашаму радыё, што падрыхтоўка да сустрэчы ў Рыме ідзе поўным ходам. “Валанцёры прыбылі сюды два дні таму і дапамагаюць у парафіях і месцах прыёму; дапамагаюць таксама падрыхтаваць спевы і малітвы і ўпарадкаваць месцы ў якіх пілігрымы сустрэнуцца для супольнай малітвы: сем касцёлаў, чатыры базылікі і іншыя вялікія святыні ў цэнтры Рыма”, - адзначыў брат Алоіз.

Законнік таксама адзначыў важнасць таго, што сустрэча “Taize” праходзіць у Рыме – у сэрцы хрысціянства. “Маладыя людзі паходзяць з розных краін, а таксама розных Цэркваў. Сярод іх ёсць як католікі, так і праваслаўныя і пратэстанты. Мы хочам жыць на знак Хрыста, які аб’ядноўвае. Хрыстус ужо даў нам пэўнае адзінства, якое з’яўляецца рэальным, нават калі не ўпоўні дасягнутым. Таму мы хочам святкаваць разам тут, у Рыме і асабліва жадаем прыняць удзел у супольнай малітве са Святым Айцом вечарам у суботу, на плошчы св. Пятра”, - сказаў брат Алоіз.

Прыёр супольнасці “Taize” выказаў спадзяванне, што пасля закліку Папы да рымлянаў больш актыўна прымаць пілігрымаў у свае парафіі і сем’і, праблемы з начлегам для іх не павінна быць. Ён расказаў, што на сённяшні дзень яшчэ ёсць патрэба прыкладна ў тысячы месцаў, але на яго думку, яна будзе хутка вырашана.








All the contents on this site are copyrighted ©.