2012-12-28 12:34:04

Бэнэдыкт XVI да Патрыярха Антыёхіі Яна Х: сведчыць аб адзінcтве ў нестабільныя часы


RealAudioMP3 Аб неабходнасці адзінства паміж хрысціянамі ў гэтыя нестабільныя часы, напоўненыя насіллем на Блізкім Усходзе, нагадаў Бэнэдыкт XVI у сваім звароце да новаабранага грэка-праваслаўнага Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Усходу, Яна Х. Паводле Святога Айца, сведчанне адзінства з боку вызнаўцаў Хрыста неабходна, “каб свет паверыў у евангельскае пасланне любові, міра і згоды”. “Мы маем адказнасць, супольна працягваць наш шлях, каб паказаць, яшчэ больш відавочным чынам, духоўную рэальнасць еднасці, няхай нават не да канца дасягнутай, але якая ўжо нас аб’ядноўвае”, - напісаў Папа. Бэнэдыкт XVI пажадаў, каб адносіны паміж грэка-праваслаўным Патрыярхатам і Каталіцкім Касцёлам глыбока развіваліся праз розныя формы плённага супрацоўніцтва і вырашэнне праблем, якія падзяляюць вызнаўцаў Хрыста. Пантыфік падкрэсліў важную ролю ў гэтым працэсе Змешанай Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Нарэшце, Папа, запэўніў новаабранага Патрыярха ў сваіх малітвах, а таксама аб суцяшэнні для ахвяраў насілля на Блізкім Усходзе.

Ян Х, быў абраны новым Патрыярхам Антыёхіі 17 снежня, пасля смерці свайго папярэдніка на гэтай пасадзе Патрыярха Ігнацыя IV.








All the contents on this site are copyrighted ©.