2012-12-26 14:51:03

Нунцый у Сірыі: Божае Нараджэнне надзеі і салідарнасці


RealAudioMP3 Нягледзячы на цярпенні і пакуты, звязаныя з ваенным канфліктам, сірыйскія хрысціяне адчуваюць надзею, якую нясе ўрачыстасць Божага Нараджэння. Аб гэтым у інтэрв’ю нашаму радыё расказаў Апостальскі нунцый у Сірыі арцыбіскуп Марыё Дзэнары. Ён адзначыў, што ў краіне, ахопленай крывавым канфліктам, нягледзячы ні на што святкуецца Божае Нараджэнне – “таямніца радасці і салідарнасці Бога ў Езусе з людзьмі”. Паводле дыпламата, радасць і атмасфера Божага Нараджэнне не бачна ў знешніх праявах, “таму што няма магчымасці цэлебраваць св. Імшу апоўначы, як гэта было ў мінулыя гады”. Ён расказаў, што святочныя набажэнствы цэлебраваліся днём з прычыны небяспечнай сітуацыі. “Ужо ў пяць вечара тут пануе ноч, а калі падумаць яшчэ аб некаторых месцах, як напрыклад Алепа, дзе цалкам адсутнічае электрычнасць, так тут зусім цёмны горад”, - сказаў арцыбіскуп. Апостальскі нунцый адзначыў, што акрамя праблем са святлом, у сірыйскіх гарадах існуюць вялікія праблемы з харчаваннем, кошты якога ўзраслі ў дзесяткі разоў. “Божае Нараджэнне нясе яшчэ з сабой надзею, радасць, але напэўна больш глыбокую, якая не выражаецца ў святкаваннях, якія яшчэ ў мінулыя гады была магчымасць рабіць нават з фанфарамі пасля начной св. Імшы”, - сказаў дыпламат.

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп Дзэнары звярнуў на салідарнасць, якая існуе паміж хрысціянамі ў Сірыі. “Я усё больш для сябе адкрываю гэту салідарнасць, якая не толькі не памяншаецца, але нават узрастае. Існуе цудоўная салідарнасць паміж сем’ямі, якія часта не маюць вялікіх магчымасцяў, і ёсць салідарнасць, якая паходзіць з замежжа. Узгадаем напрыклад аб шчодрым дары Бэнэдыкта XVI і Сінадальных Айцоў”, - сказаў прадстаўнік Святога Айца.

Апостальскі нунцый расказаў, што перад Божым Нараджэннем законнікі набывалі прадукты для бедных сем’яў, а валанцёры, сярод якіх былі як хрысціяне, так і мусульмане, раздавалі гарачую ежу на вуліцах.

На цяжкую сітуацыю ў Сірыі звярнуў увагу ў сваім пасланні “Urbi et Orbi” 25 снежня Бэнэдыкт XVI. Пантыфік рашуча заклікаў спыніць кровапраліццё і знайсці палітычную магчымасць вырашэння існуючага канфлікта.








All the contents on this site are copyrighted ©.