2012-12-26 12:37:34

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: св. Стэфан – прыклад для евангелізатараў (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Новая евангелізацыя, паводле Бэнэдыкта XVI, не заключаецца ў выкарыстанні нейкіх выключных метадаў і тэхнік, якія часам могуць быць карыснымі. Евангелізатар перш за ўсё павінен дазволіць вясці сябе Святому Духу. Пантыфік 26 снежня роўна апоўдні з’явіўся ў акне Апостальскага палаца, каб памаліцца з пілігрымамі, прыбыўшымі ў Вечны горад на святкаванне Божага Нараджэння, марыйнай малітвай “Анёл Панскі”. Сёння ў сувязі з урачыстасцямі была адменена традыцыйная для серады агульная аудыенцыя. Каталіцкі Касцёл у гэты дзень адзначае свята св. Стэфана, дыякана і першага хрысціянскага мучаніка. “Дарагія браты і сёстры, - прывітаў сабраных Папа - Кожны год, праз дзень пасля Нараджэння Пана, адзначаецца літургічнае свята св. Стэфана, дыякана і першамучаніка. Кніга Дзеяў Апосталаў прадстаўляе яго, як чалавека поўнага ласкі і Святога Духа (пар. Дз 6,8-10; 7,55); у ім цалкам споўнілася прароцтва Езуса, якое гучала ў сённяшнім евангельскім тэксце, аб тым, што вернікі, пакліканыя даваць сведчанне ў цяжкіх і небяспечных сітуацыях, не будуць пакінутымі і не затануцца неабароненымі: Дух Божы будзе гаварыць у іх (пар. Мц 10,20).

Дыякан Стэфан, на самой справе, дзейнічаў, прамаўляў і памёр натхнёны Святым Духам, засведчыўшы аб любові Хрыста, аж да самай вялікай ахвяры. Першага мучаніка і яго пакуты, якія былі апісаны ў дэталях, прадстаўлялі як дасканалае ўвасабленне Хрыста. Жыццё св. Стэфана было цалкам прасякнута Богам, адпавядала жыццю Хрыста; у момант смерці, стоячы на каленях, ён паўтарыў малітву Езуса на крыжы, аддаючы сябе Богу (пар. Дз 7,59) і прабачаючы сваіх ворагаў: “Пане, не лічы ім граху гэтага” (Дз 7,60). Напоўнены Святым Духам, у той час як яго вочы заплюшчваліся, ён глядзеў на “Езуса, які стаяў праваруч Бога” (Дз 7,55), Пана ўсяго, прыцягваючага ўсіх да сябе.

У дзень св. Стэфана таксама і мы пакліканы глядзець на Сына Божага, якога ў радаснай атмасферы Божага Нараджэння сузіраем у таямніцы ўцелаўлення. Праз хрост і бежмаванне, праз каштоўны дар веры, умацаванай сакрамэнтамі Касцёла, асабліва Эўхарыстыі, Езус Хрыстус “прывязаў” нас да сябе і хоча працягваць з намі, праз дзейнасць Святога Духа, сваю справу збаўлення, якая усё адкупляе, надае каштоўнасць, узвышае і вядзе да спаўнення. Дазволіць Хрысту прывабіць нас, як зрабіў гэта св. Стэфан, азначае адкрыць уласнае жыццё на святло, якое цябе кліча, скіроўвае і дазваляе ісці шляхам дабра, шляхам чалавечнасці паводле плану Божай любові.

Нарэшце, св. Стэфан – гэта прыклад для ўсіх, хто хоча служыць новай евангелізацыі. Ён дэманструе сабой, што навізна абвяшчэння не заключаецца ў першую чаргу ў выкарыстанні арыгінальных метадаў і тэхнік, якія канешне з’яўляюцца карыснымі, але ў тым, каб быць напоўненымі Святым Духам і дазволіць Яму весці нас. Навізна абвяшчэння заключаецца ў паглыбленні таямніцы Хрыста, у набліжэнні да Яго Слова і прысутнасці ў Эўхарыстыі, каб Ён сам, жывы Езус, мог казаць і дзейнічаць у сваім пасланніку. Па сутнасці, евангелізатар становіцца здольным эфектыўна несці Хрыста іншым, калі жыве ў Хрысце, калі навіна Евангелля праяўляецца ў яго ўласным жыцці. Памолімся да Панны Марыі, каб Касцёл, у гэты Год веры, бачыў павелічэнне колькасці мужчын і жанчын, якія, як св. Стэфан, будуць здольнымі даваць пераканаўчае і адважнае сведчанне аб Пану Езусе”, - сказаў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў пілігрымаў на розных мовах і пажадаў, каб у штодзённым жыцці, ім заўсёды хапала мудрасці і адвагі, веры і любові, які маюць спаўненне ў хвале Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.