2012-12-25 13:22:05

Папа: мы цалкам “запоўнены” самімі сабой, так, што няма больш месца для Бога


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI заклікаў падчас паўночнай св. Імшы ў базыліцы св. Пятра да міру на Святой Зямлі. Гэты заклік асабліва актуальны для гораду, дзе нарадзіўся Езус, Бэтлеему. “Трэба маліцца, каб ізраільцяне і палестынцы маглі развіваць сваё жыццё у спакоі адзінага Бога і свабодзе”, - сказаў 24 снежня познім вечарам у прысутнасці 10 тыс. вернікаў у ватыканскай бызыліцы Святы Айцец. Ён таксама заклікаў да міру ў суседніх краінах Ліване, Сірыі і Іраку. Бэнэдыкт XVI выказаў надзею, што хрысціяне, у краінах дзе нарадзілася іх вера, будуць мець магчымасць жыць далей і будаваць разам з мусульманамі свае краіны ў “Божым міры”.

Хрысціяне павінны прытрымлівацца прыкладу Хрыста ў пабудове міру ва ўсім свеце, нагадаў Папа ў сваёй святочнай гаміліі. На месца ўзбраенняў павінна прысці дапамога церпячым. Вернікі павінны імкнуцца да таго, каб “меч быў заменены на аралы”. Святы Айцец нагадаў, што “з хвалой Бога на набёсах звязаны супакой паміж людзьмі на зямлі. Там, дзе Богу не аддаюць хвалы, дзе аб Ім забываюцца або нават не прызнаюць, міру няма. Распаўсюджаныя сёння інтэлектуальныя плыні сцвярджаюць адваротнае: рэлігіі, асабліва монатэізм, былі, маўляў, прычынай насілля і войнаў у свеце; трэба спачатку вызваліць чалавецтва ад рэлігіі, каб затым пабудаваць свет”. “Хоць бясспрэчнымі ў гісторыі застаюцца некаторыя факты злоўжывання рэлігіяй, аднак гэта няпраўда, што адмова ад Бога вярне мір. Калі гасіцца Божае святло, таксама згасае дадзеная Богам чалавечая годнасць”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI, адказваючы на сучасныя закіды ў бок рэлігіі, і дадаў, што з веры ў Бога неаднаразова зыходзілі “паяднанне і дабрыня”.

У сваёй гаміліі Папа перасцярог ад ігнаравання Бога ў жыцці. Ён адзначыў, што логіка мыслення сучаснага чалавека пабудавана такім чынам, што Бог, на самой справе, існаваць не павінен. “Нават калі Ён стукаецца ў дзверы нашага розуму, Яго не прымаюць з дапамогай любых аргументаў”, - адзначыў Папа, крытыкуючы некаторых сучасных інтэлектуалістаў. “Каб нейкая думку лічылася значнай, яна павінна быць сканструявана такім чынам, каб зрабіць лішняй “гіпотэзу Бога”. Няма для Яго месца”, - адзначыў са шкадаваннем Святы Айцец. “Нашы жаданні абмяжоўваюцца самімі намі, мы жадаем рэчаў, да якіх можна дакрануцца, адчувальнага шчасця, поспеху ў нашых асабістых планах і намерах. Мы цалкам “запоўнены” самімі сабой, так, што няма больш месца для Бога”, - дадаў Пантыфік. Паводле яго, менавіта таму ў сэрцы сучаснага чалавека няма месца і для дзяцей, і для бедных, і для іншаземцаў.

На думку Бэнэдыкта XVI, “навяртане, якога мы патрабуем, павінна дасягнуць глыбіні нашых адносін з рэальнасцю”. Папа заклікаў маліцца, каб у нашых сэрцах існавала прастора для Бога, які прыходзіць у сваім Сыне, каб такім чынам мы змаглі прызнаць Яго ў тых, “праз якіх Ён да нас звяртаецца: дзецях, церпячых і пакінутых, неабароненых і бедных гэтага свету”.







All the contents on this site are copyrighted ©.