2012-12-25 12:31:32

Бэнэдыкт XVI падчас “Urbi et Orbi”: Бог зрабіў усё, зрабіў немагчымае – уцелавіўся (поўны тэкст)


RealAudioMP3 25 снежня Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў з традыцыйным пасланнем і благаслаўленнем “Urbi et Orbi” (Гораду і свету). Папа звярнуў увагу на прароцкія словы псальма “Праўда вырасце з зямлі!”, якія прадказваюць нараджэнне Езуса Хрыста ад Панны Марыі. Пантыфік падкрэсліў, што Праўда – сам Бог, прыйшла на зямлю, несучы з сабой любоў, справядлівасць і мір. Святы Айцец пажадаў, каб мір і радасць прыйшлі да народаў, якія пакутуюць ад адкрывавых канфліктаў, тэрарыстычных нападаў і недахопу свабоды. “Veritas de terra orta est!” – “Праўда вырасла з зямлі!” (Пс 85,12), - пачаў свой зварот Папа. - Дарагія браты і сёстры ў Рыме і ва ўсім свеце, добрага Божага Нараджэння усім вам і вашым сем’ям! Маё віншаванне з Божым Нараджэннем у гэтым годзе я выказваю словамі, узятымі з псальма: “Праўда вырасла з зямлі”. У тэксце, насамрэч, гэтыя словы сфармулаваны ў будучым часе: “Праўда вырасце з зямлі”: гэта абвяшчэнне, абяцанне, што суправаджаецца іншымі выразамі, якія разам гучаць так: “Любоў і праўда сустрэнуцца, справядлівасць і мір пацалуюцца. Праўда вырасце з зямлі і справядлівасць сыйдзе з неба. Канешне, Пан падаруе сваё дабро і наша зямля прынясе свой плён; справядлівасць пройдзе перад Ім: паставіць на шлях ногі свае”. (Пс. 85, 11-14)

Сёння гэта прароцкае слова споўнілася! У Езусе, народжаным ў Бэтлееме ад Панны Марыі, сапраўды сустрэліся любоў і праўда, справядлівасць сыйшла з нябёсаў.

Св. Аўгустын тлумачыў гэта з удалай сцісласцю: “Што такое праўда? Сын Божы. Што такое зямля? Цела. Спытай сябе, адкуль нарадзіўся Хрыстус, і зразумей, чаму праўда вырасла з зямлі ... праўда нарадзілася з Панны Марыі”. І ў прамове на Божае Нараджэнне ён сцвярджаў: “Гэтым святам, якое адзначаем кожны год, мы святкуем дзень, у які споўнілася прароцтва: “Праўда народзіцца з зямлі і справядлівасць зыдзе з неба”. Праўда , якая ёсць ва ўлонні Айца, нарадзілася з зямлі, таму што была таксама ва ўлонні маці. Праўда, якая пануе над усім светам, нарадзілася з зямлі, таму што яе трымалі рукі жанчыны... Праўда, якую не дастаткова трымаць толькі на нябёсах, нарадзілася з зямлі, каб быць пакладзенай у яслі. Дзеля якой выгады, Бог, такі ўзнёслы, стаў такім пакорным? Канешне, не для ўласнай карысці, але дзеля вялікай нашай карысці, калі верым”.

“Калі верым”. Вось яна – моц веры! Бог зрабіў усё, зрабіў немагчымае – уцелавіўся. Яго ўсемагутнасць любові рэалізавала тое, што пераўзыходзіць чалавечае разуменне: Бясконцы стаў дзіцяткам, увайшоў у чалавечнасць. І ўсё ж, гэты самы Бог, не можа ўвайсці ў маё сэрца, калі я не адкрыю яму дзверы. Porta fidei! Дзверы веры! Мы можам спалохацца перад абліччам гэтай нашай усемагутнасці і разбуральнасці. Гэта здольнасць чалавека закрывацца на Бога можа нараджаць страх. Але, вось рэальнасць, якая праганяе гэтыя цёмныя думкі, надзея перамагае страх: праўда ўзнікла! Бог нарадзіўся! “Зямля прынесла свой плён” (Пс 67,7). Так, ёсць добрая зямля, здаровая зямля, свабодная ад кожнага эгаізму і закрытасці. Ёсць у свеце зямля, якую Бог падрыхтаваў, каб пасяліцца сярод нас. Дом, для Яго прысутнасці ў свеце. Гэта зямля існуе, таксама і сёння, у 2012 годзе, і з гэтай зямлі ўзнікла праўда! Таму ёсць надзея для свету, надзея якой можна давяраць, таксама ў самыя складаныя моманты і сітуацыі. Праўда вырасла несучы любоў, справядлівасць і мір.

Так, няхай жа мір народзіцца для сірыйскага народа, глыбока параненага і падзеленага канфліктам, які не пашкадаваў нават бездапаможных і зрабіў ахвярамі нявінных. Яшчэ раз заклікаю спыніць кровапраліццё, палегчыць дапамогу бежанцам і пазбаўленым жылля, і праз дыялог дасягнуць палітычнае вырашэнне канфлікту.

Няхай мір прарасце на зямлі, дзе нарадзіўся Збаўца, няхай Ён падорыць ізраільцянам і палестынцам адвагу, пакласці канец шматгадоваму змаганню і падзелам, і з рашучасцю ўстаць на шлях перамоваў.

У краінах Паўночнай Афрыкі, якія перажываюць час глыбокіх перамен у пошуку новай будучыні, асабліва ў Егіпце, зямлі любімай і благаслаўлёнай Езусам з дзяцінства, няхай жыхары разам будуюць грамадства ўгрунтаванае на справядлівасці, павазе да свабоды і годнасці кожнага чалавека.

Няхай мір прарасце на вялікім азіяцкім кантыненце. Дзіцятка Езус з добром глядзіць на шматлікія народы, якія жывуць на гэтых землях, і асабліва, на тыя, якія вераць у Яго. Валарар міру кіруе свой позірк на новых кіраўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі з улікам высокага задання, якое іх чакае. Жадаю, каб яны ацанілі ўклад рэлігій, у павагу да кожнага. Так яны змогуць паспрыяць будаванню салідарнага грамадства, на дабро гэтага шляхетнага Народа і ўсяго свету.

Няхай нараджэнне Хрыста спрыяе вяртанню міра на Малі і згоды ў Нігерыі, дзе жорсткія тэрарыстычныя напады працягваюць прыносіць ахвяры, асабліва сярод хрысціян. Няхай Збаўца прынясе дапамогу і суцяшэнне бежанцам з усходу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і падорыць мір Кеніі, дзе крывавыя напады ўдарылі па мірнаму насельніцтву і месцам культа.

Няхай Дзіцятка Езус благаславіць шматлікіх вернікаў, якія Яго святкуюць у краінах Лацінскай Амерыкі. Няхай павялічыць іх чалавечыя і хрысціянскія цноты, падтрымае тых, хто быў вымушаны эміграваць далёка ад сваіх сем’яў і земляў, няхай умацуе кіраўнікоў у дзейнасці на карысць развіцця і барацьбы супраць злачыннасці.

Дарагія браты і сёстры! Любоў і праўда, справядлівасць і мір сустрэліся, яны ўцелавіліся ў чалавеку народжаным ў Бэтлееме ад Марыі. Гэты чалавек – Сын Божы, Бог, які аб’явіўся ў гісторыі. Яго нараджэнне – гэта з’яўленне новага жыцця для ўсяго чалавецтва. Добрай можа стаць кожная зямля, якая прыме і народзіць любоў, праўду, справядлівасць і мір. Шчаслівага Божага Нараджэнне ўсім!”, - заключыў Папа.

Святы Айцец павіншаваў усіх на 65 мовах свету. Таксама беларускія вернікі пачулі святочныя віншаванні з вуснаў Бэнэдыкт XVI на сваёй роднай мове. “Вясёлых калядных святаў”, - сказаў Папа. На заканчэнне Ён удзяліў благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і свету).








All the contents on this site are copyrighted ©.