2012-12-24 11:38:54

Папа: насычаная праграма на Божае Нараджэнне і Новы год


RealAudioMP3 Вігілійная св. Імша на Божае Нараджэнне 24 снежня ў 22.00 і ўрачыстае благаслаўлене “Urbi et orbi” (Гораду і свету) у аўторак днём, гэта асноўныя моманты святочных дзён для Папы ў Ватыкане. Сёлета Бэнэдыкта XVI чакае такая ж шырокая праграма літургічных мерапрыемстваў, як і ў папярэднія гады. Вігілійная св. Імша, якая доўжыцца больш за дзве гадзіны, была перанесена з поўначы на 22.00, каб 85-гадовы Пантыфік меў больш часу на адпачынак да святочнага благаслаўлення “Urbi et orbi” у першы дзень Божага Нараджэння. Перад ім Бэнэдыкт XVI традыцыйна звернецца з заклікам да міру і справядлівасці ў крызісных рэгіёнах свету і прамовіць святочныя віншаванні на дзясятках моваў. Перад святочным набажэнствам на заканчэнне году, якое Бэнэдыкт XVI узначаліць 31 снежня ў 17.00, сёлета Папу чакае яшчэ адно дадатковае мерапрыемства: 29 снежня ён сустрэнецца ў 18.00 з удзельнікамі арганізаванай экуменічнай супольнасцю “Тэзэ” Еўрапейскай малітоўнай сустрэчы, якая пройдзе ў гэтым годзе ў Рыме. Цырымонія была перанесена з базылікі св. Пятра на плошчу перад ёй з-за вялікай колькасці моладзі, жадаючай паўдзельнічаць у сустрэчы з Папам.

У сам Новы год Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень міру. Бэнэдыкт XVI у 9.30 узначаліць св. Імшу з гэтай нагоды. У той жа час 6 снежня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, Папа правядзе абрад кансэкрацыі новых біскупаў. Імі стануць некалькі супрацоўнікаў Рымскай курыі, у тым ліку яго асабісты сакратар кс. Георг Генсвайн, які ў дадатак быў прызначаны новым Прэфектам Папскага дому. Праз тыдзень, 13 студзеня, ва ўрачыстасць Хросту Пана, Бэнэдыкт XVI правядзе св. Імшу ў Сікстынскай капэле, падчас якой удзеліць сакрамэнт хросту некалькім дзецям.







All the contents on this site are copyrighted ©.