2012-12-23 13:09:14

Папа перад “Анёл Панскі”: прымем Бога ў таямніцы Яго Нараджэння (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 23 снежня з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Плошча св. Пятра была перапоўнена пілігрымамі, якія ўжо прыбылі на святкаванне Божага Нараджэння ў Рым. Менавіта падрыхтоўцы сэрц на прыняцце надыходзячага Збаўцы Бэнэдыкт XVI прысвяціў свае разважанні перад марыйнай малітвай. Папа звярнуў увагу на фрагмент Евангелля, прызначаны Касцёлам на сённяшнюю нядзелю, і заўважыў, што ў ім раскрываецца сціслая сувязь і ўзаемадзеянне Старога і Новага Запаветаў. “У гэту Чацвёртую Нядзелю Адвэнту, якая папярэджвае Нараджэнне Пана, Евангелле апавядае аб наведанні Марыяй сваёй стрыечнай сястры Альжбеты. Гэты эпізод з’яўляецца не проста актам ветлівасці, але паказвае вялікую прастату сустрэчы Старога Запавету з Новым. Дзве жанчыны, абедзве цяжарныя, на самой справе ўвасабляюць чаканне і Чаканага. Пажылая Альжбета сімвалізуе Ізраіль, які чакае Месію, у той час як юная Марыя ўяўляе сабой выкананне гэтых чаканняў, на карысць усяго чалавецтва. У двух жанчынах сустракаюцца і прызнаюць сябе, перш за ўсё, плады іх улонняў, Ян і Хрыстус. Хрысціянскі паэт Прудэнцый каментуе гэта так: “Дзіця ва ўлонні, вуснамі сваёй маці, вітае Пана, Сына Дзевы” (Apotheosis, 590: PL 59, 970). Радасць Яна ва ўлонні Альжбеты з’яўляецца прыкметай выканання Богам абяцання, наведаць свой народ. Падчас Звеставання Арханёл Габрыэль прадставіў Марыі цяжарнасць Альжбеты (пар. Лк 1, 36), як доказ Божай сілы: бясплоддзе, нягледзячы на яе сталы ўзрост, было ператворана ў магчымасць нарадзіць.

Альжбета, вітаючы Марыю, прызнае, што было выканана абяцанне Бога для чалавецтва і ўсклікае: “Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?” (Лк 1, 42-43). Выраз “Благаславёная Ты між жанчынамі” гучыць у Старым Запавеце з вуснаў Яіль (Суд 5, 24) і Юдыты (Юдт 13,1), дзвюх жанчын-ваярак, якія намагаюцца выратаваць Ізраіль. Цяпер гэта імя Марыі, маладой мірнай дзяўчыны, якая павінна нарадзіць Збаўцу свету. Таксама штуршок радасці Яна (пар. Лк 1, 44) можна параўнаць з танцам, які кароль Давід выканаў, калі суправаджаў уваход Каўчэгу Запавету ў Ерузалем (пар. 1 Кр 15, 29). Каўчэг, у якім змяшчаліся скрыжалі закону, манна і жазло Аарона (пар. Гбр 9,4), быў знакам прысутнасці Бога сярод свайго народа. Яшчэ ненароджаны Ян выяўляе радасць перад Марыяй, Каўчэгам Новага Запавету, якая носіць у сабе Езуса, Сына Божага, што стаў чалавекам.

Сцэна наведвання выказвае таксама прыгажосць гасціннасці: дзе існуе ўзаемнае прызнанне, паразуменне, робіцца месца для іншага, там знаходзіцца Бог і радасць, якая паходзіць ад Яго. Давайце наследаваць Марыю ў перыяд Божага Нараджэння, наведваючы тых, хто перажывае праблемы, асабліва хворых, зняволеных, пажылых і дзяцей. Будзем наследаваць таксама Альжбету, якая сустракае гасцей, як Бога: без прагнення Яго мы ніколі не пазнаем Пана, без чакання на Яго, мы ніколі Яго не сустрэнем, не імкнучыся знайсці Яго, ніколі Яго не знойдзем. З такой жа радасцю, якую мела Марыя спяшаючыся да Альжбеты (пар. Лк 1, 39), мы ідзём на сустрэчу з Панам, што прыходзіць. Будзем маліцца, каб усе людзі шукаючыя Бога адчулі, што гэта Сам Бог першым прыйшоў наведаць нас. Марыі, Каўчэгу Новага і Вечнага Запавету, ахвяруем нашыя сэрцы, каб зрабіць іх годнымі прыняць надыходзячага Бога ў таямніцы Яго Нараджэння”, - запрасіў вернікаў Святы Айцец.

Пасля марыйнай малітвы Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай на некалькіх еўрапейскіх мовах. Святы Айцец пажадаў усім людзям добрай волі, асабліва “самотным, хворым, тым, каму ў жыцці цяжка, спакою, цеплыні і любові”, а таксама “духа надзеі, прабачэння і паяднання”.







All the contents on this site are copyrighted ©.