2012-12-23 13:11:35

Беларусь: каталіцкая моладзь у прадчуванні сустрэчы з Бэнэдыктам XVI


RealAudioMP3 Маладыя католікі Беларусі прымуць удзел ў Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай супольнасцю “Тэзэ”. Каля тысячы з паловай пілігрымаў з усёй краіны праз некалькі дзён, 28 снежня, адправяцца ў Рым – у гэтым годзе менавіта сталіца заходняга хрысціянства прымае гэты міжнародны форум. Дарэчы, ужо 35-ы па ліку. Айцец Сяргей Трысцень, кармэліт – не першы раз арганізуе пілігрымку з Беларусі, і з кожным годам да яе далучаецца ўсё больш вернікаў. “Едуць на гэтую сустрэчу не толькі католікі, гэта экуменічны форум. Увогуле, супольнасць “Тэзэ” – экуменічная супольнасць, да яе належаць браты не толькі каталіцкага веравызнання, але і пратэстанцкага, і праваслаўнага. У нашай моладзевай групе ёсць таксама вернікі пратэстанты і праваслаўныя, а нават і атэісты, якіх могуць цягнуць за сабой іх сябры-хрысціяне, і праз гэта яны таксама могуць убачыць дарогу да Бога”, - падзяліўся айцец Сяргей.

У 1940 г. брат Ражэ арганізаваў экуменічную супольнасць у французскай вёсцы Тэзэ, а напрыканцы 70-х стаў ініцыятарам “паломніцтва даверу на зямлі” – так называюцца праходзячыя з тых часоў Еўрапейскія сустрэчы моладзі. Штогод на іх збіраецца ад 30 да 50 тыс. чалавек з розных краін, заўсёды на Новы год, каб некалькі дзён правесці ў супольнай малітве – адзначыў айцец Сяргей. “Сэнс такой сустрэчы менавіта падмацаванне веры людзей з розных краін. І арганізатары імкнуцца, каб пілігрымы жылі не ў залах ці школах, а ў сем’ях, каб падзяліцца сваёй верай і таксама ўбачыць сведчанне веры людзей у той краіне, куды яны прыязджаюць з усёй Еўропы”, - дадаў арганізатар пілігрымкі з Беларусі.

Акрамя малітвы, маладыя людзі правядуць дыскусіі, возьмуць удзел у канферэнцыях па актуальных пытаннях духоўнага, сацыяльнага, культурнага жыцця. Чакае і шмат экскурсій па Вечным горадзе – знакамітыя базілікі, паломніцтва да магіл апосталаў і ў катакомбы. А кульмінацыяй форуму стане сустрэча ўсіх удзельнікаў з папам Бэнэдыктам XVI. “29 студзеня ў базіліцы св. Петра адбудзецца сумесная малітва з Бэнэдыктам XVI. Моладзь чакае сустрэчы са Святым Айцом, бо, напэўна, пантыфіку ёсць што сказаць моладзі, каб паказаць шлях, якім хрысціянская моладзь можа крочыць далей у гэтым сучасным свеце”, - адзначыў айцец Сяргей.

Затым традыцыйна ў навагоднюю ноч – гэта адна з цікавых падзей форуму –праходзіць “Баль усіх народаў”. На ім кожная з дэлегацый прэзентуе сваю краіну. “Мы звычайна спявалі Лявоніху, гулялі ў “ручаёк” ці прэзентавалі іншыя беларускія адметныя спевы і танцы, каб пазабавіцца”, - прызнаўся законнік.

Якую візітную картку прыгатуюць беларусы ў гэты раз – будзе вырашана ўжо ў аўтобусе, сумесна, смяецца айцец Сяргей. Увогуле ж сама дарога ў Рым будзе добрай падрыхтоўкай да сустрэчы, бо гэта пілігрымка з ўсімі яе атрыбутамі.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.