2012-12-21 12:00:49

Мітрапаліт Кандрусевіч падвёў вынікі і падзяліўся планамі


RealAudioMP3 21 снежня ў Мінску адбылася калядная сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі. Прадстаўнікі тэле-, радыёрэдакцый, а таксама друкаваных СМІ сабраліся ў касцёле св. Сымона і св. Алены. Такія сустрэчы адбываюцца традыцыйна – напярэдадні Божага Нараджэння – напрыканцы года лепш ўсяго падвесці вынікі і прыадчыніць некаторыя планы. Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што ў Касцёле скончыўся Год новай евангелізацыі і пачаўся Год веры. Гэта і стане лейтматывам усіх галоўных мерапрыемстваў 2013-га ў Беларусі. Цэнтрам святкавання Году веры стане Будслаў – у наступным годзе Беларусь адзначыць 400-годдзе з’яўлення нацыянальнай святыні – абраза Будслаўскай Божай Маці. У беларускім мястэчку чакаюць шматлікіх пілігрымаў, магчыма, і папскага легата. А маладых католікаў з Беларусі, наадварот, летам чакаюць у Бразіліі. Дэлегацыя пілігрымаў адправіцца на Сусветны дзень моладзі. Ва ўнісон з міжнародным форумам, у Івянцы пройдзе агульнабеларуская сустрэча моладзі – паведаміў іерарх. “Моладзь – гэта будучыня свету, як яна будзе сфарміравана, такі нас чакае свет. Таму мы стараемся ўсімі сіламі арганізаваць духоўную апеку моладзі”, - адзначыў ён.

Спыталі Мітрапаліта аб магчымасці стварэння ў Беларусі новай дыяцэзіі – гаворка аб гэтым пакуль не ізде. З плоскаці размоў у плоскаць канкрэтных крокаў перайшла справа пагаднення паміж Беларуссю і Ватыканам, але падпісанне канкардату ніколі не адбываецца хутка. Арцыбіскуп выказаў свае адносіны да сітуацыі ў Сірыі, дзе зараз востра стаіць праблема пераследу хрысціян. Як і ва ўсім свеце.

“Спосабы ганенняў квітнеюць. Мы ведаем і іншыя прыклады ў свеце. У Італіі праводзілася цэлая кампанія па забароне крыжоў, у Францыі робяцца крокі па стварэнні лабараторыі секулярызму, каб людзі адыходзілі ад веры. Мы бачым, што і цівілізаваны свет вядзе переслед хрысціянаў. І хрысціяне – на першым месце сярод рэлігій, якія падвяргаюцца ганенням. Трэба маліцца, каб такога не было. І не толькі за тых, каго забіваюць і дзе льецца кроў”, - падкрэсліў з заклапочаннем Мітрапаліт.

Касцёл у Беларусі таксама перажыў доўгія гады пераследу ў савецкія часы. Тады, узгадаў арцыбіскуп, людзі аддавалі жыццё за крыж. Не выпадкова зараз, каб ушанаваць і ўзмацніць веру, вырашана аднавіць усе прыдарожныя крыжы. Сярод значных падзей мінулага году – выданне чатырох Евангелляў на сучаснай беларускай мове. Напрыканцы сустрэчы спыталі Мітрапаліта, ці збіраецца ён выходзіць у сацыяльныя сеткі – як папа Бэнэдыкт XVI. Магчыма, і гэты способ новай евангелізацыі калі-небудзь ім будзе выкарыстаны, не выключыў іерарх. Завяршылася сустрэча традыцыйным ламаннем аплатка з пажаданнямі радасных святаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.