2012-12-20 15:18:07

Прэм’ера новага фільма аб асобе Езуса на італьянскім тэлеканале


RealAudioMP3 Вечарам 20 снежня ў эфіры італьянскага тэлевізійнага канала “Rai 3” адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма “Езус з Назарэта”. Рэжысёр фільма – іспанскі кінематографіст Маіте Карпіо паставіла перад сабой задачу расказаць аб “гісторыі жыцця Іешуа бэн Іосэфа” з дапамогай падрабязнай гістарычнай рэканструкцыі. У працэсе стварэння стужкі аўтары звярталіся да шматлікіх гістарычных крыніц, паглыбляючыся ў этнічныя асаблівасці асобы Езуса Хрыста. Гледачоў новага фільма чакае таксама пазнавальнае падарожжа ў Святую Зямлю – сведку евангельскіх падзей, а таксама ў архівы, якія захоўваюць самыя старажытныя фрагменты рукапісаў новазапаветных тэкстаў. Шлях даследчыкаў ляжыць праз унікальную бібліятэку бенэдыктынскага манастыра Мансерат, у якім знаходзіцца папірус P64 – самы старажытны рукапіс Евангелля паводле св. Мацвея, Ватыканскую Апостальскую бібліятэку, якая захоўвае знакаміты папірус Бодмера, і іерусалімскі Храм Кнігі музея Ізраіля, у якім захоўваюцца Кумранскія скруткі знойдзеныя недалёка ад берагоў Мёртвага мора.

Напярэдадні прэм’еры, 18 снежня адбылася спецыяльная прэс-канферэнцыя, у якой удзельнічаў кіраўнік Аддзела сацыяльнай камунікацыі італьянскага епіскапата кс. прэлат Даменіка Пампілі, а таксама дырэктар Ватыканскага радыё кс. Фэдэрыка Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.