2012-12-20 11:02:33

Папа расказаў пра Божае Нараджэнне на старонках “Financial Times”


RealAudioMP3 “Financial Times” - адна з самых аўтарытэтных і старажытных фінансава-эканамічных міжнародных газет у свеце, надрукавала на сваіх старонках каментар Бэнэдыкта XVI да яго апошняй кнігі “Дзяцінства Езуса”. Кіраўніцтва газеты звярнулася да Святога Айца з просьбай напісаць артыкул з нагоды надыходзячага свята Божага Нараджэння. Нягледзячы на незвычайнасць прапановы Папа на яе пагадзіўся, бачачы цудоўную магчымасць расказаць пра Езуса і Яго пасланне вялікай аўдыторыі ва ўрачыстыя моманты хрысціянскага літургічнага года. Артыкул Бэнэдыкта XVI называецца “Час для хрысціян дзейнічаць у свеце”. У ім Папа адзначыў, што апавяданне пра Божае Нараджэнне, якое ўтрымліваецца ў Новым Запавеце, паказвае адрознасць Езуса, чаканага Месіі, ад усіх зямных валадароў. Ён супрацьпаставіў Езуса тагачаснаму імператару Аўгусту, які распаўсюдзіў на ўсе падуладныя землі “Pax Romana” – “Рымскі мір” – мір, дадзены імператарам Рымскай імперыі. “Аднак, гэта Дзіцятка, якое нарадзілася ў цёмным і далёкім кутку імперыі, прынесла ў свет мір больш вялікі, па-сапраўднаму паўсюдны па сваіх мэтах і перасякаючы любыя межы ў прасторе і часе”, - напісаў Папа. Святы Айцец нагадаў, што Езус быў нашчадкам караля Давіда, але вызваленне, якое прынёс свайму народу не было звязана з перамогай над варожымі войскамі, але з канчатковай перамогай над грахом і смерцю. “Нараджэнне Хрыста заклікае нас пераасэнсаваць нашы прыярытэты, нашы каштоўнасці, наш спосаб жыцця. У той час як Божае Нараджэнне, без сумненняў з’яўляецца часам вялікай радасці, адначасова часам глыбокага разважання, больш за тое – рахунка сумлення. Напрыканцы гэтага года, які характарызаваўся эканамічнымі стратамі для многіх, што мы можам узяць ад сціпласці, беднасці, прастаты сцэны ў яслях?”, - спытаўся Папа.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што Евангелле, для хрысціян з’яўляецца крыніцай натхнення для штодзённага жыцця, а таксама дзейнасці ў свеце, незалежна ад таго, ці яна ажыцяўляецца ў парламенце ці на біржы. “Хрысціяне не павінны уцякаць ад свету, але наадварот – дзейнічаць у ім. Але іх дзейнасць у палітыцы і эканоміцы, павінна пераўзыходзіць любыя формы ідэалогій”, - заклікаў Папа.

Ён падкрэсліў, што гэта дзейнасць асабліва павінна адбывацца ў сферы барацьбы з беднасцю, у справядлівым выкарыстанні і дзяленні рэсурсамі, у змаганні з выкарыстаннем іншых людзей, у спрыянні міру і справядлівасці для усіх. Паводле Святога Айца, гэтыя мэты, якія падзяляюцца многімі ў свеце, даюць магчымасць для супрацоўніцтва паміж хрысціянамі і іншымі.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што хрысціяне павінны даваць Цэзару, толькі тое, што яму належыць, а не тое, што належыць Богу. Але “ад культа імператара ў старажытным Рыме да таталітарных рэжымаў нядаўна мінулага стагоддзя, Цэзар спрабаваў заняць месца Бога”. “Калі хрысціяне адмаўляюцца кленчыць перад фальшывымі прапановамі нашага часу, робяць гэта не таму што маюць састарэлае ўяўленне аб свеце. Наадварот, робяць гэта таму што свабодныя ад ідэалагічных прывязанасцяў і натхнёныя такім шляхетным бачаннем чалавечага лёсу, што не могуць прымаць кампрамісы з тым, што можа яму перашкаджаць”, - напісаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.