2012-12-20 12:48:29

Бэнэдыкт XVI да моладзі: Бог – аўтар жыцця, радасці, любові і міра


RealAudioMP3 Бог – аўтар жыцця, радасці, любові і міра. З такімі словамі звярнуўся Бэнэдыкт XVI да членаў моладзевага італьянскага руху “Каталіцкая Акцыя”. 20 снежня Папа прыняў маладых людзей на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы ў Ватыкане. У сваёй прамове Бэнэдыкт XVI паразважаў над назвай ініцыятывы, арганізаванай “Каталіцкай Акцыяй” на 2012-2013 гг. – “У пошуку аўтара”.“Перш за ўсё я ведаю, што вы шукаеце аўтара жыцця, які дапаможа вам добра жыць, у згодзе з самімі сабой і іншымі. Але мы ведаем хто гэты аўтар – гэта Бог, які паказаў нам сваё аблічча. Бог нас стварыў на свой вобраз, падарыў нам Свайго Сына Езуса, які стаў дзіцяткам – хутка мы будзем сузіраць яго падчас Божага Нараджэння – ён рос, таксама як і вы, прайшоў шляхамі гэтага нашага свету, каб перадаць нам любоў Бога, якая робіць прыгожым і шчаслівым жыццё, поўнае дабрыні і шчодрасці”, - сказаў Папа.

Таксама Святы Айцец адзначыў, што Бог з’яўляецца аўтарам радасці, якая трывае не толькі на працягу пэўнага часу, але ўсяго жыцця. “Памятайце, дарагія сябры, чым больш вы навучыцеся пазнаваць і весці дыялог з Ім, тым больш будзеце адчуваць у сэрцы радасць і станеце здольнымі перамагаць невялікія смуткі, якія часам узнікаюць у душы”, - адзначыў Пантыфік.Папа падкрэсліў, што Бог з’яўляецца крыніцай любові. Паводле Святога Айца, чалавек мае патрэбу ў тым, каб быць любімым для таго каб жыць, але ў той жа час неабходна любіць іншых, каб рабіць прыгожым жыццё усіх. “Езус сваім жыццём паказаў, што любіць усіх без адрознення і хоча, каб усе жылі шчасліва”, - адзначыў Пантыфік.

Нарэшце Святы Айцец адзначыў, што Бог з’яўляецца аўтарам супакою, якога шукае моладзь і ў якім мае патрэбу ўвесь свет. “Калі здолеем Яго слухаць, дадзім Яму месца ў нашым жыцці, Бог знішчыць эгаізм, які часта перашкаджае адносінам паміж людзьмі і краінамі і паспрыяе нараджэнню жадання прымірэння, прабачэння і супакою, нават у тых, хто мае зацвярдзелае сэрца”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.