2012-12-19 13:19:08

Беларусь: папскія медалі “Заслужаным”


RealAudioMP3 18 cнежня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылося ўручэнне папскіх медалёў “Bene merenti” (Заслужаным). Іх атрымоўваюць людзі, якія зрабілі вялікі ўклад у развіццё Касцёла. Учора ўзнагароды атрымалі тры такія асобы: Аліна Новікава, Крыстына Лялько і Іван Гумоўскі, паведамляе інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by. Высокія ўзнагароды Святога Айца ўручыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Ён, адзначыў, што ганарыцца тым, што ў Беларусі ёсць людзі, якія ўносяць “такі вялікі ўклад у жыццё Касцёла”.

Аліна Новікава – дырэктар выдавецтва “Pro Christo”. Крыстына Лялько – пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў “Ave Maria” і “Наша вера”. Іван Гумоўскі – мецэнат.

Крыстына Лялько, кажучы пра высокія папскія ўзнагароды, адзначыла, што “гэта прыгожая матывацыя для далейшай працы”. “Ад самага пачатку мы ўспрымалі і ўспрымаем сваю працу як служэнне на хвалу Пана Бога і дзеля дабра Яго святога Касцёла”, - дадала яна.

Папскія медалі “Bene merenti” неўпершыню ўручаюцца ў Беларусі. Так, у 2004 г. кардынал Казімір Свёнтэк у свірскім касцёле ўручыў папскую адзнаку сястры Апалоніі Сінкевіч, а Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ, падчас свайго візіту ў Беларусь у 2008 г., уручыў медаль у пінскай катэдры кс. Станіславу Паўліне.







All the contents on this site are copyrighted ©.