2012-12-18 13:49:31

Кардынал Кох: літургія павінна быць больш “артадаксальнай”


RealAudioMP3 Літургічная рэформа II Ватыканскага Сабору пакуль не завершана. Так лічыць кардынал Курт Кох. Сёння неабходна літургічнае абнаўленне з экуменічнага пункту гледжання, сказаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству на кангрэсе ў Рыме. Літургія павінна стаць больш “артадаксальнай” праз большы націск на павагу да эўхарыстычных набажэнстваў, лічыць іерарх. Кардынал Кох спаслаўся на словы Бэнэдыкта XVI у яго бытнасць прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння аб патрэбе “рэформы рэформ” і стварэння новага літургічнага руху. Гэта патрэбна, каб спадчыну ІІ Ватыканскага Сабору “абудзіць і ў цяперашняй сітуацыі Касцёла зрабіць плённай”, перакананы ватыканскі іерарх.

Літургія адносіцца да найбольш адчувальных сфер касцёльнага жыцця і з’яўляецца “дынамічным цэнтрам Касцёла”, падкрэсліў у сваім выступленні да навукоўцаў у галіне літургіі старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Літургія не толькі будуе Касцёл, але і захоўвае яго жывым, а ў канчатковым рахунку Касцёл і літургія ідэнтычныя, дадаў ён. Таму, паводле ватыканскага кардынала, трэба вызначыць, ці сапраўды літургічная рэформа з’яўляецца разрывам з гісторыяй і пачаткам стварэння нечага зусім новага. Ён аспрэчыў тэзіс сутнасных змен у літургіі і выказаў перакананне, што патрэбна форма яе арганічнага развіцця. Тут кардынал Кох спаслаўся на думку Бэнэдыкта XVI, што літургію не варта разумець як шэраг фракцый, але як працэс росту і ачышчэння, у якім застаюцца самабытнасць і пераемнасць.

На думку кардынала, літургія павінна быць “артадаксальнай” у першапачатковым сэнсе гэтага слова, маючы на ўвазе правільную рэалізацыю культу. У літургіі, якая не мае сваёй крыніцы ў Найсвяцейшай Тройцы, Касцёл больш не можа быць па-сапраўднаму супольнасцю веры, а літургічная рэформа патрапіць у мэту. Касцёл і літургія знаходзяцца ў раўнавазе, калі літургія разумеецца і рэалізуецца як “дзеянне самаго Бога”, - нагадаў кардынал Кох.







All the contents on this site are copyrighted ©.