2012-12-18 14:59:04

Ватыканскі іерарх: самагубства па любых матывах – супярэчыць хрысціянству


RealAudioMP3 Кардынал Рэната Рафаэле Марціна, былы старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”, нагадаў, што хрысціяне адвяргаюць самагубства ў любой яго форме і па любых матывах, нават калі яно было здзейснена ў высакародных мэтах. Нагодай для выказвання ватыканскага іерарха стала дыскусія на старонках італьянскай “La Stampa” на гэту тэму, што справакавала пастава будысцкіх манахаў з Тыбету, якія выкарыстоўваюць самагубства, як форму пратэсту супраць палітыкі Кітая на гэтых землях.

Кардынал нагадаў навучанне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, аб тым, што самагубства супярэчыць натуральнай схільнасці чалавека да захавання свайго жыцця і любові да жывога Бога. Паводле яго, жэст тыбецкіх манахаў з’яўляецца вынікам пэўнага рэлігійнага кантэксту, але гэтыя акты не можна параўноўваць з мучаніцтвам хрысціян. Шматлікія паслядоўнікі Хрыста падвяргаліся пераследам з-за нянавісці да іх веры, але яны не рабілі нічога падобнага, і цярпелі да самага апошняга тое, што было вынікам пераследу, патлумачыў кардынал Марціна.








All the contents on this site are copyrighted ©.