2012-12-17 13:54:10

Уступіла ў сілу пагадненне паміж Святым Пасадам і Кітаем


RealAudioMP3 17 снежня ў Ватыкане і Тайбэі адбыўся абмен нотамі, у якіх Дзяржаўны Сакратарыят Апостальскай Сталіцы і Міністэрства замежных спраў Кітая паведамілі аб выкананні працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу Пагаднення паміж “Кангрэгацыяй Каталіцкай Адукацыі Святога Пасаду і Міністэрствам адукацыі Кітайскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне вышэйшай адукацыі і аб прызнанні вышэйшай адукацыі, кваліфікацый, дыпломаў і ступеняў”.

Пагадненне, якое складаецца з 23 артыкулаў, сфармулаваных на англійскай мове, было падпісана ў Тайбэі 2 снежня 2011 г. кардыналам Зянонам Грахалеўскім, прэфектам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, і Ву Чынг-дзі, міністрам адукацыі Кітайскай Рэспублікі. 20 лістапада бягучага году Парламенцкая асамблея Кітая зацвердзілі яго аднагалосна.

Як гаворыцца ў паведамленні Кангрэгацыі, гаворка ідзе перш за ўсё аб каталіцкіх навучальных установах на Тайвані, якія па-ранейшаму з’яўляюцца цэнтрамі “нясення хрысціянскіх каштоўнасцяў у акадэмічнае асяроддзе”. Дакумент прадугледжвае прызнанне ўнікальнага характару каталіцкай адукацыйнай сістэмы. Гаворка тут ідзе пра павагу да кананічнага статусу такіх навучальных устаноў, захаванне імі каталіцкага профілю, выключнай юрысдыкцыі Святога Пасаду адносна зместу, праграм і прызначэння кіраўнікоў і выкладчыкаў, а таксама абавязацельствы апошніх да маральных паводзін, адпаведных каталіцкаму навучанню і маральнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.