2012-12-17 12:12:34

Ватыканскі іерарх: Папа асабіста выказаў жаданне прысутнічаць на “Твітэры”


RealAudioMP3 Да “Твітэру” Бэнэдыкта ХVI далучылася ўжо больш за 2 млн. карыстальнікаў. Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Паводле іерарха, Папа асабіста выказаў жаданне ўвайсці ў гэта камунікацыйнае асяроддзе, “каб быць там, дзе знаходзяцца людзі, быць побач з імі са словамі праўды, выкарыстоўваючы мову, якая была створана менавіта для камунікацыі ў “Твітэры”, прымяняючы 140 знакаў”, - падзяліўся старшыня ватыканскай дыкастэрыі. Паводле яго, пытанне тут не ў колькасці знакаў, а ў адпаведным падборы слоў для выказвання сваёй думкі. Абмежаваннем нашай сённяшняй культуры з’яўляецца вялікая колькасць сказаных намі слоў і малая колькасць сэнсу, заключанага ў іх, лічыць арцыбіскуп Чэллі. Мы павінны перагледзець гэта і надаць сэнс слову, скіраванаму да іншага чалавека, дадаў ён. Іерарх нагадаў, што “Твітэрам” карыстаецца сёння каля 140 млн. асоб, з іх 40% – гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 34 гадоў.

Па словах іерарха, у эпоху “высокай хуткасці навін” перад Касцёлам стаяць новыя выклікі. Нас паглынула маса паведамленняў і навін, таму мы сталі няздольнымі правільна ацаніць інфармацыю, яе важнасць, падкрэсліў старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Акрамя таго, паводле іерарха, людзей настолькі ахапілі навіны, што становіцца ўсё цяжэй адкрыць Добрую Навіну, якая з’яўляецца сапраўдным адказам на жыццёвыя праблемы. І гэта, паводле яго, выклік для хрысціян. “Таму Касцёл павінен не замыкацца сам ў сабе, але выхоўваць людзей у гэтым камунікацыйным кантэксце, каб яны зразумелі сэнс падзей, што адбываюцца ў свеце”, - адзначыў арыбіскуп Чэллі.








All the contents on this site are copyrighted ©.