2012-12-16 11:53:51

Мінск: начное чуванне моладзі – духоўныя практыкаванні напярэдадні Божага Нараджэння


RealAudioMP3 16 снежня, амаль на світанку, скончылася начное чуванне моладзі у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Моладзь з усёй дыяцэзіі – больш за 500 чалавек – сабралася на сумесную малітву напярэдадні вечарам. Некаторыя прыехалі здалёк, нягледзячы на мароз і мяцеліцу. Некалькі дзён таму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама прыняў удзел у начным чуванні моладзі ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава – у гэтым годзе моладзевыя сустрэчы для зручнасці было вырашана правесці ў дзьвух сталіцах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На пачатку св. Імшы ў мінскай катэдры Мітрапаліт падзякаваў усім маладым вернікам за тое, што ў гэты вечар яны выбралі не дыскатэку, а духоўнае практыкаванне, якое можа прынесці не менш радасці. А радасць Божага Нараджэння ўжо блізка, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Найперш Адвэнт – гэта час прыгатавання да Божага Нараджэння, але ў гэтым годзе ўсе нашы пастырскія акцыі сканцэнтраваны на пытанні веры, бо мы перажываем Год веры і не забываемся пра Сінод Біскупаў, які адбыўся ў кастрычніку, і нагадаў аб новай евангелізацыі для переказу веры”, - адзначыў іерарх. Божае Нараджэнне – гэта і ёсць свята нашай веры, нагадаў ён.

Пасля сумеснай малітвы арцыбіскуп падзяліўся аплаткам з вернікамі і пажадаў годна падрыхтавацца да свята. Галоўнае, лічыць парафіянін мінскай архікатэдры Генрых Голуб – падрыхтаваць месца ў сэрцы для народжанага Езуса. “Адвэнт – гэты такі час, каб падрыхтаваць месца ў сэрцы, каб у сэрцы не было мітусні, клопату. Трэба суцішыцца і падрыхтавацца да Нараджэння Езуса, каб сустрэцца с Хрыстом і ўвесь час аднаўляць гэту еднасць з Ім, асабліва падчас св. Імшы, падчас адарацыі”, - сказаў ўдзельнік сустрэчы.

Шмат вернікаў у гэтую ноч таксама спавядалася, каб прыняць св. Камунію. Хапіла часу і для спеваў, і для тэатральнай пастаноўкі, проста размоў і разважанняў.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.