2012-12-15 11:28:15

Кс. Ламбардзі: трэба чытаць Папу поўнасцю і аб’ектыўна


RealAudioMP3 Аб’ектыўна чытаць апублікаванае ўчора пасланне Святога Айца на Сусветны дзень міру, заклікаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён са шкадаваннем адзначыў, што чарговы раз змястоўны і важны дакумент быў прадстаўлены СМІ “вельмі часткова і скажона”. Журналісты засяродзіліся на кароткім фрагменце Паслання, які гаворыць аб прыняцці Касцёлам сужэнства выключна як саюзу паміж мужчынам і жанчынай. Гэта бачанне выключае існаванне розных радыкальна адрозных ад сужэнства форм саюзаў, як не згодных з асноватворнымі прынцыпамі правільнага погляду на чалавека і грамадства, у першую чаргу, з абаронай жыцця. Менавіта гэта сцвярджэнне выклікала буру крытыкі прыхільнікаў гомасексуальных саюзаў.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо Касцёл не спыніцца выказваць свой пункт гледжання, асабліва сёння, калі яго меркаванне не ўлічваецца і нават атакуецца ў многіх краінах. Кс. Ламбардзі не здзівіла тое, што ліберальныя каментатары сканцэнтраваліся на адным кароткім фрагменце Паслання Святога Айца. Па-першае, гэта робіцца, каб чарговы раз запалохаць тых, хто падтрымліва пункт гледжання Касцёла і абвінаваціць іх у цемрашальстве, па-другое, каб схаваць многія іншыя актуальныя і моцныя аспекты папскага паслання.

Падчас масавага беспрацоўя, адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду, заклік Папы захоўваць працоўнае заканадаўства, як асноўны гарант годнасці чалавечай асобы, гучыць як крык трывогі, які патрабуе значна больш глыбокага аналізу, чым гэта ёсць зараз, і прыняцця рашэння аб змене “мадэлі развіцця”, бо папярэдняя прывяла нас туды, дзе мы знаходзімся зараз і дзе адсутнічаюць прынцыпы братэрства, салідарнасці і высакароднасці. Не можна заставіць без увагі і заклік Святога Айца да ўключэння чалавечага вымярэння ў эканаміку і палітыку, лічыць кс. Ламбардзі. “Папа таксама нагадвае, што харчовы крызіс з’яўляецца значна больш сур’ёзным, чым крызіс фінансавы: у свеце працягвае бушаваць голад, пра што мы занадта лёгка забываемся”, а вельмі шмат людзей паміраюць менавіта ад яго, нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Бэнэдыкт XVI акцэнтаваў сапраўды тэрміновыя і важныя праблемы для сучаснага чалавецтва, якія не павінны быць забытыя толькі таму, што хтосьці звяртае ўвагу выключна на паняцці “прававой эквівалентнасці” сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, і крытыкуе паняцце “радыкальных форм розных саюзаў”, і такім чынам адцягвае ўвагу ад зместу ўсяго папскага паслання. У сваёй аўтарскай рубрыцы “Octava Dies” на Ватыканскім радыё Кс. Ламбардзі запрасіў усіх прачытаць дакумент поўнасцю, што дапаможа паглядзець на яго аб’ектыўна.







All the contents on this site are copyrighted ©.