2012-12-15 12:27:36

Бэнэдыкт XVI: пакліканні – гэта знак надзеі, заснаванай на веры


RealAudioMP3 У пасланні на 50-ы Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які будзе адзначацца у Чацвёртую Велікодную Нядзелю, 21 красавіка 2013 г., Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў да разважання над пакліканнем як знакам надзеі, заснаванай на веры. Ініцыятыва Дня малітваў зыходзіла ад папы Паўла VI, які ў сваім першым пасланні нагадаў, што пакліканні – гэта дакладны знак жывой веры і любові ў дыяцэзіяльных і парафіяльных супольнасцях і сведчанне маральнага здароў’я хрысціянскіх сям’яў. Праз 50 гадоў пасля паслання свайго папярэдніка Бэнэдыкт XVI адзначыў, што надзея хрысціян – “у вернасці Бога сваім абяцанням, якая праявілася ў новым і вечным саюзе з чалавекам праз Кроў Сына Божага, які памёр і ўваскрос дзеля нашага збаўлення”. І гэта, паводле Святога Айца, цвёрды фундамент надзеі: Бог ніколі не пакідае нас самотнымі, бо Ён верны свайму слову. Таму вера і надзея так непарыўна звязаны паміж сабой.

“У чым заключаецца вернасць Бога?”, - задаецца пытаннем Папа. На думку Пантыфіка – “у Яго Любові”. “Менавіта гэта Любоў, якая выяўляецца ўпоўні ў Езусе Хрысце, кідае выклік нашаму існаванню і пытаецца ў кожнага, што ты жадаеш зрабіць у сваім жыцці, каб рэалізаваць яе ў поўнай меры”, - напісаў Святы Айцец. “У гэтым кантэксце менавіта Любоў, патрабуючая і глыбокая, дадае адвагі, выводзіць з павярхоўнасці на новы ўзровень, дае надзею на будучыню і ўпэўненасць ў саміх сабе”, - дадаў ён. Бэнэдыкт XVI лічыць, што толькі Бог можа наталіць гэту смагу надзеі і таму сам заклікае разам з Ім рэалізаваць чалавека яго жыццё. “Ісці за Ім, азначае даверыць сваю волю волі Бога, паставіць Яго на першым месцы ў жыцці і трываць у глыбой еднасці з Езусам Хрыстом, а праз гэта і ў еднасці з Богам Айцом і Святым Духам, а таксама ў еднасці са сваімі бліжнімі”, - заўважыў Святы Айцец.

Папа адзначыў важнасць і неабходнасць малітвы, якая павінна быць з аднаго боку вельмі асабістай, бо ўключае нас у адносіны з жывым Богам, а з іншага, павінна яднацца з малітвамі Касцёла і святых, а таксама літургіяй. “Такім чынам, малітва, няспынная і глыбокая, спрыяе непасрэдным чынам росту веры хрысціянскай супольнасці”, - адзначыў Пантыфік. Бэнэдыкт XVI заклікаў маладых людзей не баяцца следаваць за Хрыстом і знайсці шчасце ў служэнні Яму, каб такім чынам стаць сведкамі радасці, бясконцай любові і надзеі, якіх гэты свет даць не можа.








All the contents on this site are copyrighted ©.