2012-12-14 13:08:13

Папа: нават самыя прыгожыя і высакародныя словы без Бога губляюць свой сапраўдны сэнс


RealAudioMP3 14 снежня ў 16.00 на плошчы св. Пятра адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя галоўнай ватыканскай ёлкі. На ёй упершыню будуць запалены святочныя агні. Сёлета дрэва прыбыло з італьянскага рэгіёну Малізэ. Па традыцыі, у дзень прэзентацыі ёлкі, дэлегацыю ахвярадаўцаў прымае на аўдыенцыі Бэнэдыкт XVI. Так адбылося і сёння ў Апостальскім палацы. Пантыфік падзякаваў кіраўніцтву і жыхарам вобласці за дар іх сэрца. Асабіста для Папы, гэта выраз веры, вернасці традыцыям і адданасці Наступніку св. Пятра, што падтрымліваюць жыхары італьянскага рэгіёну на працягу стагоддзяў. Менавіта адданасць хрысціянству, на думку Папы, дапаможа ім супрацьстаяць сацыяльным і культурным праблемам.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ёлка, упрыгожаная гірляндамі, з’яўляецца сімвалам святла, якое Хрыстус прынёс у свет праз сваё Нараджэнне. Гэта святло працягвае свяціць кожнаму чалавеку, асабліва таму хто “павінен прайсці праз перыяд нявызначанасці і складанасцяў”. Напрацягу гісторыі, заўважыў Святы Айцец, знаходзіліся такія, хто спрабаваў пагасіць Божае святло, замяняючы яго на ілюзорнае і зманлівае зіхаценне. Вынікам спробаў выдалення Бога са старонак гісторыі, з’яўляецца тое, што “нават самыя прыгожыя і высакародныя словы губляюць свой сапраўдны сэнс”, - заўважыў Пантыфік. “Падумайце аб такіх словах, як “свабода”, “агульнае дабро”, “справядлівасць”, пазбаўленых укаранення ў Богу і Яго любові”, - звярнуў увагу Папа,без Бога яны губляюць сувязь з патрабаваннямі праўды і грамадзянскай адказнасці, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец пажадаў жыхарам італьянскага рэгіёну ўмацавання ў веры і “ад усяго сэрца” перадаў усім ім сваё апостальскае благаслаўленне.

Святочная ёлка вышынёй у 24 метры прыбыла ў Ватыкан 6 снежня. Светлавая інсталяцыя на ёй будзе белага і жоўтага колераў. Па традыцыі, пасля дэмантажу святочнага дрэва, у лютым, з яго будуць зроблены цацкі для дзяцей сірот.







All the contents on this site are copyrighted ©.