2012-12-14 12:34:43

Бэнэдыкт XVI на Дзень міру: паўната жыцця з’яўляецца вяршыняй міру


RealAudioMP3 14 снежня было апублікавана пасланне Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца праз некалькі тыдняў, 1 студзеня. Пантыфік адзначыў, што кожны новы год прыносіць з сабой спадзяванне на лепшы свет”. У першых словах свайго Паслання Папа звярнуўся да Бога і папрасіў Яго “падарыць гармонію і мір”, якія б дапамаглі “споўніць усе імкненні да шчаслівага і квітнеючага жыцця”. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на рэаліі “нашага часу”, які адзначаецца глабалізацыяй, “з яе станоўчымі і адмоўнымі аспектамі”. Ён заклікаў усіх жыхароў планеты імкнуцца да “агульнага дабра”, асабліва ва ўмовах “напружанасці і канфліктаў, выкліканых ростам няроўнасці паміж багатымі і беднымі”, а таксама распаўсюджання “эгаістычнага і індывідуалістычнага менталітэту”, плёнам якога з’яўляецца “нерэгулюемы фінансавы капіталізм”. Папа заўважыў, што”імкненне да міру з’яўляецца адным з асноўных маральных прынцыпаў, гэта значыць правам і абавязкам да ўсебаковага развіцця, сацыяльнага, грамадскага, што ёсць частка плану Бога адносна чалавека”. “Чалавек створаны для міру, які з’яўляецца дарам Божым”, - падкрэсліў Святы Айцец і, як доказ, прывёў шматлікія евангельскія прыклады.

Паводле Бэнэдыкта XVI, “мір тычыцца цэласнасці чалавечай асобы і прадугледжвае ўдзел усяго чалавека”. Рэцэпт сапраўднага міру ў свеце, на думку Святога Айца – гэта спаўненне Божай волі і мір з самім сабой. Яшчэ адным элементам з’яўляецца праўда. “Без праўды пра чалавека, упісанай Створцам у яго сэрца, свабода і любоў зневажаюцца, а справядлівасць губляе асновы свайго ажыццяўлення”, - заўважыў Папа. Рэалізацыя міру залежыць перш за ўсё ад прызнання таго, што для Бога існуе адна чалавечая сям’я, якая жыве ў праўдзе і справядлівасці і кіруецца ўзаемнымі правамі і абавязкамі, дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў аб перакананні Касцёла, што для дасягнення міру сённяшні свет патрабуе абвяшчэння Хрыста. “На самой справе, Езус з’яўляецца нашым мірам, нашай справядлівасцю, нашым паяднаннем”, - напісаў Папа. Ён звярнуў увагу на патрэбу ў сучасных міратворцах. Паводле Пантыфіка, гэта тыя людзі, хто “любіць, абараняе і прапагандуе жыццё ва ўсіх яго вымярэннях: асабістым, грамадскім і трансцэндэнтным”. “Паўната жыцця з’яўляецца вяршыняй міру”, - падкрэсліў ён і дадаў, што тыя, хто жадае міру не могуць рабіць напады і злачынствы супраць жыцця. На думку Святога Айца, асобы, якія прапануюць лібералізацыю абортаў, магчыма, не разумеюць, што такім чынам прапануюць іншым пабудову “ілюзорнага свету”. Паводле Папы, да гэтага імкнуцца таксама тыя, хто не шануе манагамнага гетэрасексуальнага сужэнства, не абараняе навакольнае асяроддзе, здзекуецца са свабоды рэлігіі, не гарантуе права на працу.

Бэнэдыкт XVI заклікаў да будаўніцтва міру праз стварэнне новай мадэлі развіцця і эканомікі, больш спрыяльнай для чалавека, якая на першае месца паставіла б сям’ю і інтэгральнае развіццё асобы. Папа перакананы, што кожны можа і павінен быць міратворцам, і толькі такі падыход можа прынесці сапраўдны мір на зямлю.







All the contents on this site are copyrighted ©.