2012-12-12 10:56:16

Бог не аддаляецца ад свету, не адсутнічае, не пакінуў нас


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI чарговы раз звярнуўся да тэмы Божага Аб’яўлення і плану любові Бога адносна чалавека. 12 снежня адбылася традыцыйная агульная аўдыенцыя з удзелам Папы. Разважаючы над фразай з Евангелля паводле св. Марка: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае” (Мк 1, 15), Святы Айцец нагадаў вернікам, што вяршыняй Божай любові з’яўляецца “адкрыццё Бога ў гісторыі” праз таямніцу Хрыстовага Нараджэння. “Гісторыя – гэта не проста чарада стагоддзяў, гадоў, дзён, гэта час прысутнасці, напоўненай сэнсам і цвёрдай надзеяй”, - адзначыў Папа. Паводле яго, гэта немагчыма зразумець і прыняць без частага чытання і разважання Бібліі. Стары Запавет падкрэслівае вернасць Бога і Яго прысутнасць у гісторыі, “як бяспечнай і стабільнай асновы, на якой можна будаваць жыццё”, а новатэстамэнтальны “Magnificat” Марыі з’яўляецца найвышэйшым прыкладам гісторыі збаўлення, нагадаў Пантыфік. “Бог падтрымлівае веру ў свой план вызвалення і працягвае ажыццяўляць яго, так, што чалавек можа распазнаць і служыць свайму Пану і рэагаваць з верай і любоўю на яго дзейнасць”, - падзяліўся сваімі разважаннямі Святы Айцец.

“Бог адкрывае Сябе не толькі ў першапачатковым акце стварэння, але і праз уваход у нашу гісторыю, у гісторыю маленькага народу, што не быў ні буйным, ні моцным. І гэта Аб’яўленне Бога завяршаецца ў Езусе Хрысце, Богу, Логасе, Стваральным слове, якое з’яўляецца крыніцай свету і ўвасабляецца ў Езусе, дэманструючы сапраўдны твар Бога. У Езусе спаўняецца кожнае абяцанне; у Ім знаходзіць сваю кульмінацыю гісторыя адносін Бога з чалавецтвам. Калі мы чытаем гісторыю з двума вучнямі па дарозе ў Эмаус, апісаную ў св. Лукі, мы ясна бачым, што асоба Хрыста асвятляе Стары Запавет, усё гісторыю збаўлення, і дэманструе вялікае адзінства канструкцыі двух Запаветаў”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец спаслаўся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які кажа, што Бог ад пачатку заклікаў чалавека да блізкіх адносін з Ім, і нават тады, калі чалавек, з-за ўласнага непадпарадкавання, страціў сваё сяброўства, Бог не кінуў яго ў пастку смерці, але прапанаваў шматразова сваю блізкасць.

Бэнэдыкт XVI патлумачыў, што звярнуўся да этапаў гісторыі збаўлення, каб дапамагчы вернікам не забыцца пра дзеянне Бога ў гісторыі чалавека, “каб паказаць этапы вялікага плану любові, прадэманстраванага ў Старым і Новым Запаветах – адзінага плану збаўлення ўсяго чалавецтва, які паступова адкрываўся і рэалізаваўся Божай моцай”. “Гэта вельмі важна на шляху веры. Мы перажываем літургічны час Адвэнту, які рыхтуе нас да Божага Нараджэння. Як мы ўсе ведаем, слова “Адвэнт” азначае “прышэсце”, “прысутнасць”, і ў старажытнасці азначала прыбыццё караля ці імператара ў тую ці іншую вобласць. Для нас, хрысціян, гэта паняцце азначае рэальнасць сапраўды выдатную і захапляючую: Бог сышоў з неба і знізіўся да чалавека; ён заключыў з ім запавет, уступаючы ў гісторыю аднаго народа. (...) Адвэнт запрашае нас рухацца па шляху гэтай прысутнасці і нагадвае нам зноў і зноў, што Бог не аддаляецца ад свету, не адсутнічае, не пакінуў нас, але прыходзіць да нас па-рознаму, і мы павінны навучыцца распазнаваць Яго”, - падкрэсліў Папа.

На думку Бэнэдыкта XVI, менавіта хрысціяне, сваёй верай, надзеяй і любоўю, пакліканы штодня заўважаць і сведчыць аб блізкай прысутнасці Бога і Яго ўдзеле ў гісторыі чалавецтва, якое часта не цікавіцца Ім, і несці ў сучаснае жыццё святло, “якое асвятляла Бэтлеемскую пячору”.







All the contents on this site are copyrighted ©.