2012-12-10 10:43:08

Арцыбіскуп Гуджэроцці: Адвэнт – самы цудоўны час для моладзі, бо гэта час мараў


RealAudioMP3 Напрыканцы першага тыдню Адвэнта арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Беларусі наведаў мінскую парафію Святога Яна Хрысціцеля, каб памаліцца разам з вернікамі і сустрэцца з моладзю. Пасля св. Імшы, якую ўзначаліў іерарх, адбылася размова з маладымі людзьмі на тэму “Вера-Касцёл-я”; яна працягвалася некалькі гадзін. Перыяд Адвэнту, на думку арцыбіскупа, самы цудоўны час для моладзі, бо гэта час мараў. “Гэта час, калі яны чакаюць, і гэта дае сэнс жыццю. Трагедыя вялікай часткі гэтага свету ў тым, што людзі больш не спадзяюцца і не шукаюць. Адвэнт – гэта як спартыўная зала, дзе рыхтуюцца, каб мець надзею. І чэмпіёны у пошуку – гэта менавіта маладыя людзі”, - адзначыў арцыбіскуп.

У спартыўнай зале парафіяльнага моладзевага цэнтру сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек. Ад асабістага да агульначалавечага – моладзь засыпала іерарха пытаннямі. Спыталі аб шляху да святарства і аб вопыце ўласнай веры, абмеркавалі пазітыўныя і негатыўныя бакі Інтэрнэту, супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой і пратэстанцкімі супольнасцямі.

Сустрэчы з моладзю – адзначыў Апостальскі Нунцый – прыарытэтная задача Касцёла. “І не только таму, што моладзь – будучыня Касцёла. Яны ставяць вельмі шчырыя пытанні. Часта мы, святары, баімся сустракацца з моладзю, бо яны задаюць пытанні, на якія мы не можам знайсці адказу, а мы прызвычайваліся паўтараць тое, што гаворым заўсёды. І таму нам часта цяжка арганізаваць сустрэчу з моладдзю, але гэта наш абавязак самы важны”, - адзначыў папскі пасланнік.

Праца з моладдзю для айцоў-салезіянаў, якія апякуюцца парафіяй св. Яна Хрысціцеля, справа звычайная. Не першы раз тут арганізавалі сустрэчу з высокім іерархам, і не апошні – спадзяецца айцец Віктар Гайдукевіч. “Моладзь у сучасным свеце шукае нечага сталага, на чым зможа будуваць сваё жыццё. Таму Касцёл, хрысціянскія каштоўнасці, для іх – гэта заўсёды актуальная тэматыка, якой яны цікавяцца і паглыбляюць свае веды”, - лічыць святар.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці перакананы, што сведчыць пра Хрыста можна амаль кожную хвіліну – на вучобе або працы, сярод сяброў. І зараз лепшы час – Адвэнт, які можна параўнаць з падарожжам у Нябесны Ерузалем, дзе чалавека сутрэне Бог. Бог у постаці немаўляткі. Усе сабраныя падзякавалі, як было адзначана, “маладому душой” Апостальскаму Нунцыю за сустрэчу і цікавую размову.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.