2012-12-08 12:24:05

Папа перад “Анёл Панскі”: існуе ўзаемнае “так” паміж Богам і Марыяй


RealAudioMP3 8 снежня Папа маліўся сёння з вернікамі, сабранымі на плошчы св. Пятра ў Рыме малітвай “Анёл Панскі”. Традыцыйна, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Бэнэдыкт XVI апоўдні з’явіўся ў акне Апостальскага Палацу, каб узначаліць марыйную малітву. Перад ёй Пантыфік скіраваў свае разважанні, якія былі прысвечаны глыбокаму сэнсу рэчаіснасці Беззаганнага Зачацця. На пачатку Святы Айцец пажадаў усім натхнёнай марыйнай урачыстасці. “У гэты год, Год веры, - сказаў Святы Айцец - хацелася б падкрэсліць, што Марыя з’яўляецца Беззаганнай праз дар Божай ласкі, атрыманай ёй бескарысна, але ў яе дасканалай адкрытасці і супрацоўніцтве. Менавіта ў гэтым сэнсе яна з’яўляецца “благаслаўлёнай”, бо “паверыла” (Лк 1,45), бо мела веру, фундаментам якой быў Бог. Марыя прадстаўляе “рэшту Ізраіля”, святы корань, аб якім казалі прарокі. У ёй споўніліся абяцанні Старога Запавету. У Мары слова Бога слухаецца, успрымаецца і атрымлівае адказ, знаходзіць гэта “так”, што дазваляе яму атрымаць цела і прыйсці, каб жыць сярод нас. У чалавецтве Марыі гісторыя па-сапраўднаму адкрываецца для Бога, атрымлівае Яго ласку, становіцца гатовай выконваць Яго волю. Марыя з’яўляецца сапраўдным выразам ласкі. Яна прадстаўляе новы Ізраіль, які Стары Запавет акрэслівае сімвалам нявесты.

І апостал Павел ужывае гэтую мову ў Пасланні да Эфесцаў, дзе кажа аб шлюбе і заўважае, што “Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў Сябе за яго, каб асвяціць яго, ачысціўшы абмыццём вадой, якому спадарожнічае слова, каб асабіста паставіць перад сабой Касцёл хвалебным, без плямы або заганы, або чаго-небудзь падобнага, святым і беззаганным” (5, 25-27). Айцы Касцёла выкарысталі гэты вобраз і такім чынам нарадзілася навучанне аб Беззаганнай, спачатку адносна Касцёла Дзевы-Маці, а затым Марыі. Як паэтычна піша Яфрэм Сірын: “Як самі целы зграшылі і паміраюць, зямля, іх маці, праклятая (пал. Быц 3,17-19), гэта цела, якім з’яўляецца Касцёл – нятленнае, яго зямля бласлаўлёная ад пачатку. Гэта зямля з’яўляецца целам Марыі, святыняй, у якой было змешчана насенне” (Diatessaron 4, 15: SC121, 102).

Святло, якое зыходзіць ад постаці Марыі, дапамагае нам зразумець сапраўдны сэнс першароднага граху. У Марыі, на самой справе, існуюць вельмі жывыя і плённыя адносіны з Богам, якія звычайна перапыняе грэх. У ёй няма супрацьстаяння паміж Богам і яе быццём: ёсць поўныя зносіны, поўная згода. Існуе ўзаемнае “так” паміж Богам і ёй і паміж ёй і Богам. Марыя свабодная ад граху, таму што ўся належыць Богу, цалкам адданая Яму і напоўненая Яго Ласкай і Яго Любоўю.

У заключэнне хачу адзначыць, што вучэнне аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі падтрымлівае нашу ўпэўненасць у тым, што Божыя абяцанні былі выкананы: што Яго блізкасць не падвядзе, але прынясе плён у якасці святога кораню, з якога вырас благаслаўлёны плён цэлага Сусвету, Езус Збаўца. Беззаганная дэманструе сабой, што ласка з’яўляецца адказам на тое, якім чынам вернасць Богу можа нарадзіць веру, сапраўдную і добрую”, - адзначыў Святы Айцец.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Бэнэдыкт XVI звярнуўся са словамі падтрымкі да жыхароў Філіпін, якія пацярпелі ад разбуральнага шторму. Пантыфік запэўніх іх у сваёй блізкасці і малітве за ахвяраў стыхіі, іх сем’і і шматлікіх асоб, страціўшых дах над галавой. “Вера і братэрская любоў з’яўляюцца сілай у супрацьстаянні гэтаму цяжкаму выпрабаванню”, - адзначыў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.