2012-12-08 11:17:36

Кс. Ламбардзі: Папа і твітэр – новае служэнне Евангеллю


RealAudioMP3 Прайшло менш за тыдзень, а да акаунту Бэнэдыкта ХVI у “Твітэры” далучыліся сотні тысяч асоб. На гэта звярнуў увагу кс. Фэдэрыка Ламбардзі ў сваёй аўтарскай суботняй рубрыцы на нашым радыё. Ён прадбачыць рэакцыю многіх інтэрнэт-карыстальнікаў, якія з пафасам скажуць: “Што робіць тут Папа, толькі мы ведаем, што і як трэба пісаць на “Твітэры?”. Некаторыя, магчыма, высмеюць і адвярнуцца ад Пантыфіка. Іншыя скажуць: “Цікава і весела. Пабачым, ці збярэ ён больш карыстальнікаў за іншых VIP- персон, артыстаў і спартсменаў”. І іх назіранне абмяжуецца колькасцю, а не зместам “твіту”, таму праз некатры час яны проста страцяць цікавасць, лічыць кіраўнік Залы Друку. Але, на яго думку, ёсць і трэцяя група, тыя людзі, якія скажуць: “Добра. Знайшоўся хтосьці, хто клапоціцца аб тым, каб сказаць нам важныя для нас рэчы”. І менавіта яны будуць сачыць за напісаным Папам, перасылаць яго “твіты” сябрам, такім жа шукаючым, як і яны. І менавіта дзякуючы гэтай трэцяй групе прысутнасць Святога Айца ў сацыяльнай сетцы прынясе плён і памножыцца: у 30, 60 і 100 разоў. “Той, хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае”, - па-біблійнаму падсумаваў кс. Ламбардзі.

На думку прадстаўніка Святога Пасаду, 140 знакаў, якія можа ўключыць “твіт” – гэта не мала. Большая частка евангельскіх вершаў утрымлівае іх значна менш. Стагоддзямі слуханне слова Езуса падтрымлівае жыццё хрысціян. Але, на думку кс. Ламбардзі, трэба зразумець, чаму гэта слова настолькі важнае, адкуль яно прыходзіць і куды кіруецца, у якім жыццёвым кантэксце знаходзіць свой сэнс. Вядома, “твіт” не прынясе жыцця аўтаматычна. Ён можа сустрэцца з энтузіязмам, але і адчужэннем. Ён, як евангельскае зерне, якое можа ўпасці на камяністую глебу, глебу адмоўных забабонаў, і памерці, але можа настрапіць на добрую зямлю і прынесці плён, падзяліўся сваімі думкамі аб новай ініцыятыве Бэнэдыкта XVI яго прэс-сакратар.

На думку кс. Ламбардзі, “твіт” не збавіць свет, але сярод 1 мільярду ахрышчаных католікаў і 7 мільярдаў усіх жыхароў нашай планеты, знойдуцца мільёны, якія пачуюць Папу з яго словам і “іскрай мудрасці”, - заключыў кіраўнік Залы Друку.








All the contents on this site are copyrighted ©.