2012-12-08 12:53:44

Арцыбіскуп Мюлер аб ініцыятывах Міжнароднай тэалагічнай камісіі


RealAudioMP3 7 снежня Арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, пазнаёміў Бэнэдыкта ХVI з ініцыятывамі і перспектывамі працы Міжнароднай тэалагічнай камісіі, якую ён узначальвае. Аб гэтым піша сённяшяняя “L’Osservatore Romano”. Іерарх паведаміў Святому Айцу, што да канца бягучага году камісія намераваецца апублікаваць большую частку сваіх дакументаў – з моманту заснавання Паўлам VI у 1969 г. да цяперашняга часу. Гэтых абшырных дакументаў – 25-ць, паведаміў арцыбіскуп. Ён дадаў, што сёлета Камісія прыклала намаганні, каб усе яе тэксты былі даступныя на інтэрнэт-старонцы Святога Пасаду ў перакладах на еўрапейскія мовы, для выкарыстання перш за ўсё тэолагамі ва ўсім свеце.

Прэфект ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што ў Год веры менавіта тэолагі пакліканы адкрыць нанава, што вера ў дыялогу з Богам спрыяе збаўленню, і сведчыць аб гэтым. Для старшыні Міжнароднай тэалагічнай камісіі цэнтральным пытаннем у тэалагічных даследаваннях з’яўляецца “першынства веры” Марыі. Ён перакананы, што тэолаг не ў стане да канца пазнаць аб’ект сваёй навукі, калі занядбае аспект мудрасці Найсвяцейшай Панны Марыі. Паводле арцыбіскупа Мюлера мудрасць Марыі вучыць захавальнікаў тэалагічнай навукі вернасці і разважлівасці, стараннасці і пабожнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.