2012-12-07 13:55:58

Бэнэдыкт XVI атрымаў два новых “папамабілі”


RealAudioMP3 7 снежня ў Ватыкан даставілі два новых “папамабілі” для Бэнэдыкта XVI. “Папскі аўтапарк” папоўніўся машынамі маркі “Mercedes-Benz” M-класа, якія маюць спецыяльную канструкцыю, якая дазволіць Пантыфіку падчас язды знаходзіцца максімальна блізка да людзей, пры захаванні поўнай бяспекі і камфорту. Новым “папамабілем” Бэнэдыкт XVI скарыстаецца ўжо 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, калі накіруецца да статуі Панны Марыі на Іспанскай плошчы італьянскай сталіцы.

Як паведамляе Зала Друку, у новых аўто выкарыстоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі, накіраваныя на забеспячэнне больш эфектыўнага кандыцыянавання паветра і асвятлення, а таксама сувязі паміж шафёрам і салонам. Аўтамабілі колеру белага перламутру, маюць ніжэйшае за папярэднія мадэлі шасі, што палегчыць іх транспартыроўку на самалётах; гэта важна падчас шматлікіх паездак Святога Айца. Праца над дызайнам “папамабіляў” вялася на працягу 9 месяцаў, каб максімальна адаптаваць яго да патрэбаў Пантыфіка. Канцэпцыя была апрацавана інжынерамі “Mercedes” пры падтрымцы знешніх партнёраў. У машыне выкарыстоўваецца бензінавы рухавік.

Гэта радасць для нас, такім чынам суправаджаць Бэнэдыкта XVI падчас яго падарожжаў, адзначыў Дытэр Цэтшэ, старшыня “Daimler AG”. Свае абавязацельствы мы выконваем з запалам на працягу многіх дзесяцігоддзяў, каб адчуваць сябе заўсёды на баку Святога Айца і дапамагаць яму там, дзе ён знаходзіцца, дадаў бізнесмен.

Пантыфікі на працягу больш за 80 гадоў карыстаюцца аўтамабілямі маркі “Mercedes-Benz”. Супрацоўніцтва пачалося ў 1930 г., калі Пію XI быў дастаўлены лімузін “Nurburg 460”. Ян XXIII карыстаўся “Mercedes 300d”, а Павел VI атрымаў “Mercedes Benz 600”. Ян Павел II выкарыстоўваў “папамабіль”, зроблены на базе “Mercedes” G-класа.

Аўтамабілі пасля заканчэння іх эксплуатацыі застаюцца ў музеі Ватыкана або накіроўваюцца ў музей “Mercedes-Benz” у Штутгарце.







All the contents on this site are copyrighted ©.