2012-12-07 15:00:25

Арцыбіскуп Мамбэрці ў АБСЕ аб свабодзе веравызнання


RealAudioMP3 Грамадскаму значэнню свабоды веравызнання было прысвечана выступленне прадстаўніка Святога Пасаду, арцыбіскупа Дамініка Мамбэрці, на XIX пасяджэнні Савета міністраў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), якое праходзіла з 6 па 7 снежня ў ірландскім Дубліне. У сваёй прамове іерарх звярнуў увагу на актуальныя палітычна-эканамічныя праблемы і выказаў ад імя Святога Пасаду задавальненне ініцыятывамі, якія ўзніклі на падставе “Кодэксу паводзінаў па палітычна-ваенным аспектам бяспекі”. Арцыбіскуп Мамбэрці нагадаў пра абавязак краін спрыяць “культуры жыцця” у свеце. Добрая дзяржава – гэта тая, дзе палітычныя сілы не забываюцца пра маральны аспект палітыкі, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. Іерарх нагадаў пра фундаментальныя правы інтэгральнага развіцця асобы, дзе права шукаць і пазнаваць праўду з’яўляецца ключавым.

Арцыбіскуп Мамбэрці звярнуў асаблівую ўвагу на права да свабоды веравызнання, якое, на яго думку, патрабуе сёння яшчэ большай абароны чым калі-небудзь, бо знаходзіцца ў кантрасце з ідэалогіяй секулярнага свету. Поўная гарантыя свободы веравызнання праяўляецца, паводле іерарха, не толькі ў свабодзе культу, але таксама у публічным вымярэнні, што азначае для веруючых магчымасць удзельнічаць у будаванні грамадскага парадку. Апошні не можа існаваць пры ўмовах дыскрымінацыі хрысціян, што па афіцыйных дадзеных з’яўляюцца групай, якая найбольш церпіць з гэтай прычыны. Іерарх выказаў спадзяванне, што Савет міністраў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе надасць асаблівую ўвагу гэтай праблеме і выступіць з канкрэтнымі прапановамі для барацьбы з дыскрымінацыяй і неталерантнасцю ў адносінах да хрысціян.







All the contents on this site are copyrighted ©.