2012-12-06 12:39:14

Мітрапаліт Кандрусевіч пра фінансавы крызіс і сусветны ўрад


RealAudioMP3 5 снежня ў Ватыкане завяршылася пленарнае пасяджэнне Папскай рады “Iustitia et Pax”, у якім прымаў удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, як адзін з двух іерархаў, прадстаўляючых у Радзе Усходнюю Еўропу. У інтэрв’ю нашай рэдакцыі ён падзяліўся падрабязнасцямі працы форуму і выказаў свае меркаванні наконт сучасных грамадскіх і палітычных выклікаў, на якія павінен адказаць сёння Каталіцкі Касцёл. Мітрапаліт нагадаў, што ўжо ў другі раз Святы Айцец прызначае яго членам Папскай рады “Iustitia et Pax”, таму ён меў магчымасць сачыць за сучаснымі сусветнымі тэндэнцыямі і адказам на іх з боку Касцёла, так бы мовіць, знутры. Менавіта адказ на сучасныя выклікі з пункту гледжання евангельскіх каштоўнасцяў і сацыяльнага навучання, з’яўляецца мэтай дзейнасці Рады, нагадаў арцыбіскуп. А іх спіс вельмі доўгі: гэта і эканамічны крызіс, і праблемы сям’і, і праблемы выхавання маладога чалавека, войны, тэрарызм.

Удзельнікі пасяджэння адзначылі, што “не гледзячы на тое, што так шмат зроблена для падтрымання міру ў свеце – яго ў свеце няма, і гэта павінны прызнаць усе”, - заўважыў іерарх. “Таксама шмат зроблена для свабоды веравызнання, але многія краіны, асабліва афрыканскія і азіяцкія, павінны прайсці доўгі шлях да яе”, - дадаў ён. Не засталося без увагі пытанне фінансавага крызісу і выхаду з яго. Усе пагадзіліся, што трэба распачаць ад барацьбы з “духоўным крызісам чалавечага сэрца”. Бо крызіс, як аказалася, сцісла звязаны з існаваннем карупцыі, якая з’яўляецца перш за ўсё вынікам немаральных паводзін.

“Навінкай стала для мяне інфармацыя аб спробах стварэння сусветнага ўраду”, - адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. Паводле яго, Папская рада спрабавала даць сваю ацэнку таксама і гэтай з’яве з пункту гледжання сацыяльнага навучання Касцёла. “Тут трэба адказаць на пытанні: чаго аўтары гэтай ідэі хочуць дабіцца, хто дакладна прадстаўляе гэту ўладу?”, - падзяліўся агульным занепакоеннем удзельнікаў пасяджэння іерарх з Беларусі.

Паводле Мітрапаліта, у вырашэнні турбуючых свет пытанняў можа дапамагчы супрацоўніцтва паміж хрысціянамі. Бо праблемы ў нас адны і тыя ж, і адказу на іх трэба шукаць у евангельскім навучанні, агульным для ўсіх паслядоўнікаў Хрыста.







All the contents on this site are copyrighted ©.