2012-12-05 14:00:25

Ёлка на плошчы св. Пятра будзе вышынёй у 24 метры


RealAudioMP3 Ёлка, якая сёлета будзе ўстаноўлена на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, прыбудзе з італьянскага рэгіёну Малізэ, а яе вышыня будзе складаць 24 метры. Гэта дар жыхароў мясцовасці Боска дэлі Абэці Саврані Бэнэдыкту ХVI. 5 снежня Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што святочнае дрэва прыбудзе ў Ватыкан ужо 6 снежня. Светлавая інсталяцыя на ім будзе белага і жоўтага колеру, усю яе прыгажосць рымляне і госці горада змогуць ацаніць 14 снежня, у дзень урачыстай прэзентацыі ёлкі. Ужо па традыцыі, пасля дэмантажу святочнага дрэва, у лютым, з яго будуць зроблены цацкі для дзяцей.

Зала Друку нагадала таксама, што ўсе выдаткі, звязаныя з усталяваннем святочных ясляў на ватыканскай плошчы, узяў на сябе італьянскі рэгіён Базыліката. Аўтарам кампазіцыі з’яўляецца італьянскі мастак Франчэска Артэзэ, вядомы майстар стварэння сцэн Божага Нараджэння. У кампазіцыі будзе задзейнічана больш за 100 фігур. Святая Сям’я, паводле задумкі аўтара, будзе апранута ў традыцыйныя касцюмы рэгіёну Базыліката. Светлавая інсталяцыя ясляў будзе выкарыстоўвацца не толькі ноччу, але і на працягу дня.








All the contents on this site are copyrighted ©.