2012-12-05 11:13:51

Аб’яўленне – кропка адліку, якая не можа быць праігнаравана


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI перакананы, што для Адвэнту, які распачаўся ў Касцёле, характэрныя радасць, здзіўленне і падзяка, а таксама міласэрнасць і любоў. У сваёй катэхезе падчас агульнай аудыенцыі 5 снежня, Святы Айцец разважаў над урыўкам з першага раздзелу Паслання апостала Паўла да Эфесцаў. Папа назваў гэты фрагмент “гімнам Божага плану для чалавека”.
Паводле Бэнэдыкта XVI, Павел не мог інакш рэагаваць на “працу” Бога ў гісторыі збаўлення, “якая прывяла да ўцелаўлення, смерці і ўваскрасення Езуса”. Апостал разумее, што мы “пакліканы да вечнасці ў Богу”, і прымаем удзел “у буйным праекце, які Айцец захаваў у сабе і вырашыў рэалізаваць і раскрыць у “поўні часу”, заўважыў Святы Айцец. Павел дапамагае нам зразумець, што “усё стварэнне (...) не з’яўляецца вынікам выпадковасці, але адпавядае “плану любові” вечнага Божага розуму з творчай і адкупленчай моцай яго Слова, якое стварае свет”, - дадаў ён. Паводле Пантыфіка, гэта нагадвае нам, што “наша пакліканне – не проста быць у свеце, але быць уключанымі ў гісторыю”, і гэта рашэнне самаго Бога. Бо Боская ініцыятыва папярэднічае любой чалавечай рэакцыі: гэта дар Яго любові, што нас акружае і змяняе.

“Апостал кажа вельмі ясна пра зварот Сусвету да Хрыста, і гэта азначае, што ў вялікім плане стварэння і гісторыі Хрыстус выступае ў якасці цэнтру ўсёй унутранай будовы свету, асновы ўсяго, што знаходзіць у Ім сваё глыбокае значэнне, каб пераадолець мяжу адчужанасці і абмежаванасці, і прыйсці да паўнаты волі Бога. Гэты “план любові” не быў бы здзейснены, калі б Бог маўчаў і знаходзіўся далёка ў вышыні Неба. Але Ён даў пазнаць сябе, уваходзячы ў адносіны з чалавекам, якому аб’явіў не проста нешта, а сябе самаго”, - адзначыў Папа. Святы Айцец дадаў, што Бог настолькі адкрываецца чалавеку ў сваім “плане любові”, што сам становіцца чалавекам.


“Гэта камунія ў Хрысце праз Святога Духа, прапанаваная Богам усім людзям дзякуючы святлу Аб’яўлення, не тое, што пярэчыць нашай чалавечнасці, але з’яўляецца выкананнем самых глыбокіх чалавечых жаданняў, імкнення да бясконцасці і паўнаты, што жыве ў глыбінях чалавечай істоты, і адкрывае яго не на часовае і абмежаванае шчасце, але на вечнае.(...) Благаслаўлёны Ян Павел II нагадваў, што “Аб’яўленне вызначыла ў гісторыі кропку адліку, якая не можа быць праігнаравана, калі вы хочаце зразумець таямніцу свайго існавання; з другога боку, гэта веданне мае пастаянную спасылку на таямніцу Бога, якую не магчыма асягнуць розумам, але можна здабыць толькі ў веры”, - падкрэсліў Святы Айцец.

З гэтага пункту гледжання, звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI, вера – гэта адказ чалавека на Божае Аб’яўленне, якое дэманструе “план любові” Бога да яго. “Вось чаму апостал Павел падкрэслівае, што Бог, які аб’явіў сваю таямніцу, патрабуе ад нас “паслухмянасці ў веры”, - заўважыў Папа і працытаваў словы Дагматычнай канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору якія, кажуць аб патрэбе сведчання поўнага ўдзелу інтэлекту і волі ў адносінах з Богам. Менавіта такі падыход прывядзе да фундаментальных змен ва ўспрыняцці рэальнасці і менталітэту, таму што Бог прыцягвае нас да сябе, становіцца Тым, “хто падтрымлівае жыццё”, “скалой, на якой можна знайсці стабільнасць”.

Святы Айцец заўважыў, што менавіта Адвэнт з’яўляецца часам, калі можна асаблівым чынам адчуць і пазнаць “план любові” Бога асабіста да нас, але, перш за ўсё, нагадаць сабе што Ён існуе ў нашым жыцці. “Бог патрабуе, каб мы сталі знакам яго дзеяння ў свеце. Дзякуючы нашай веры, нашай надзеі, нашай любові, Ён хоча зноў і зноў свяціць сваім святлом уначы”, - заключыў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.