2012-12-04 13:38:00

Прадстаўнік Святога Пасаду: стварэнне мікраблогу ў “Твітэры” – “стрэл у дзясятку”


RealAudioMP3 Па прашэсці 24 гадзін пасля адкрыцця мікраблогу Бэнэдыкта XVI на “Твітэры” толькі на англійскай версіі зарэгістравалася 350 тыс. асоб. Сотні тысяч карыстальнікаў далучыліся да профілю у 7-мі іншых моўных версіях. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі не здзіўлены такой высокай актыўнасцю, бо гэта ініцыятыва, на яго думку, патрапіла “у дзясятку” і стала сведчаннем здольнасці Святога Айца і яго супрацоўнікаў рэагаваць на “новыя павевы”. Кіраўнік Залы Друку перакананы, што лічбавая прастора, якую часта атаясамліваюць з павярхоўнасцю, можа стаць месцам “глыбокай сустрэчы, абмену ідэямі, пачуццямі, сэрцам і розумам”.

Кс. Ламбардзі, у інтэрв’ю нашаму радыё, нагадаў пра неаднаразовыя заклікі Святога Айца да евангелізацыі “лічбавага кантыненту” і яго ініцыятывы з гэтым звязаныя. Ужо шмат часу дзейнічае канал Бэнэдыкта XVI на “YouTube” і профіль на “Facebook”. Вядома, адзначыў кс. Ламбардзі, прысутнасць Папы на “Твітэры” – “гэта пасланне да ўсіх”. Кіраўнік Касцёла даў прыклад і “зрабіў запрашэнне ўсім узяць на сябе адказнасць за гэта новае вымярэнне камунікацыі”. На думку прадстаўніка Святога Пасаду, Папа мае свядомасць, што з’яўляецца кіраўніком вялікай супольнасці, якая павінна быць “камунікатыўнай і інтэрактыўнай з усімі людзьмі, што шукаюць, у каго ёсць пытанні”. Твітэр-мікраблог Святога Айца, гэта, паводле кс. Ламбардзі, камунікацыя ў двух напрамках, гэта своеасаблівы дыялог паміж Папам і светам.

Кіраўнік Залы Друку прызнаўся, што дазволам на стварэнне мікраблогу, Святы Айцец выказаў давер сваім супрацоўнікаў, якія звярнуліся з такой ініцыятывай. Бэнэдыкт XVI чарговы раз засведчыў сваё супрацоўніцтва, давяраючы нам сваё слова, бо “яно ўпісваецца ў вялікі дыялог з сучасным светам”, не гледзячы на тое, што сам Папа не з’яўляецца “патомкам лічбавай эпохі”, адзначыў кс. Ламбардзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.