Кардынал Уэлле: Касцёл зацікаўлены новай евангелізацыяй у Амерыцы
“Вырашэнне агульных
праблем і выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам у краінах абедзьвух Амерык і ўмацаванне
ўзаемных адносін і супрацоўніцтва паміж католікамі” стаяць у цэнтры ўвагі Міжнароднага
кангрэсу “Ecclesia in America”, які 9-12 снежня пройдзе ў Ватыкане , паведаміў кардынал
Марк Уэлле, старшыня Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Дзелячыся падрабязнасцямі
правядзення форуму, іерарх адзначыў, што хрысціянскія каштоўнасці ў гэтым рэгіёне
свету церпяць крызіс “з-за працэсаў секулярызацыі і ўплыву глабальнай культуры, якая
становіцца ўсё больш далёкай і варожай” да хрысціян.
Іерарх нагадаў, што падчас
Кангрэсу яго ўдзельнікі абмяркуюць змест і значэнне адгартацыі “Ecclesia in America”,
каб вырашыць, якім чынам можна ўмацаваць узаемныя адносіны і супрацоўніцтва паміж
Касцёлам у Паўночнай і Паўднёвай Амерыках для супольнага адказу на праблемы і выклікі,
такія як: эміграцыя, гандаль наркотыкамі, пашырэнне насілля, асабліва сярод моладзі.
Таксама “культура жыцця і інстытут сям’і церпяць сур’ёзныя нападкі ва ўсіх краінах
Амерыкі”, - адзначыў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі. Ён нагадаў, што Каталіцкі Касцёл
імкнецца ўсімі магчымымі спосабамі спрыяць абароне і падтрымцы рэлігійнай свабоды.
Усё гэта, паводле ватыканскага іерарха, трэба разглядаць у кантэксце новых эканамічных,
палітычных і культурных адносін паміж ЗША, Канадай і лацінаамерыканскімі краінамі,
якія скіраваны на пошук дыялогу і ўзаемаразумення.
На думку кардынала, для
вырашэння гэтых праблем у святле місійнай дзейнасці Касцёла, трэба ўмацаваць адзінства
ўнутры мясцовых Касцёлаў абедзьвюх Амерык і паміж імі. “Без сапраўднага і моцнага
адзінства не можна весці місійную або сацыяльную дзейнасць”, - упэўнены іерарх.
Кардынал
Уэлле адзначыў, што правядзенне Кангрэсу ў Ватыкане, невыпадковае. Такім чынам, Касцёл
Паўночнай і Паўднёвай Амерык, да якога належыць больш за 50% католікаў свету, хоча
прадэманстраваць вернасць і адданасць Наступніку св. Пятра, першаму сведку і гаранту
камуніі і адзінства.