2012-12-03 14:17:31

Пачаў дзейнічаць профіль Бэнэдыкта XVI у “Твітэры”


RealAudioMP3 12 снежня Папа скіруе сваё першае паведамленне ў “Твітэры”, але з сённяшняга дня ўжо можна далучыцца да профілю Бэнэдыкта XVI у гэтай сацыяльнай сетцы. Акаунт Святога Айца называецца: @pontifex. Свае твіт-паведамленні Папа будзе размяшчаць на 8 мовах: англійскай, іспанскай, італьянскай, партугальскай, нямецкай, польскай, арабскай і французскай. Падчас прэзентацыі твітэр-канала Папы, якая прайшла 3 снежня ў Ватыкане, адзначалася, што іншыя мовы могуць з’явіцца ў будучыні. Акрамя таго, гаворка ішла аб тым, што напачатку твіт-паведамленні Святога Айца будуць прымеркаваны да агульных аўдыенцый, якія праходзяць кожную сераду, але з цягам часу, яны могуць з’яўляцца часцей. Сваімі першымі “твітамі” Бэнэдыкт XVI адкажа на пытанні аб жыцці верай. Гэтыя пытанні можна адправіць Папе да 12 снежня з пазнакай #askpontifex на адной з моваў, на якіх будзе працаваць профіль Святога Айца. Паведамленні Бэнэдыкта XVI будуць даступныя ўсім карыстальнікам сацыяльнай сеткі “Твітэр” – імі можна будзе дзяліцца і абмяркоўвываць іх.

У пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі 2013 г. Бэнэдыкт XVI адзначаў, што “неабходна з інтэрэсам прыглядзецца да розных формаў сайтаў, дадаткаў і сацыяльных сетак, якія могуць дапамагчы сучаснаму чалавеку перажываць моманты разважанняў і сапраўдных пытанняў, а таксама знаходзіць прастору для маўчання, нагоду для малітвы, медытацыі і дзялення Божым Словам”. Стварэнне профіля Бэнэдыкта XVI у “Твітэры” адпавядае прысутнасці Касцёла ва ўсіх сферах жыцця сучаснага чалавека і з’яўляецца падтрымкай для тых, хто распаўсюджвае Божае Слова і каталіцкае навучанне на “лічбавым кантыненце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.